30 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў першай масавай акцыі на Дзень памяці продкаў “Дзяды”. Сёлетняе шэсьце на “Дзяды” партыя БНФ распачынае зь месца гістарычнай падзеі — Усходніх могілак Менску. Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ — з традыцыйнага месца збору, ад менскага гадзіньнікавага заводу. Камэнтары слухачоў:
Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Дарагія сябры КХП БНФ! Калі ласка, прыйдзіце 2 лістапада а 12 гадзіне да Ўсходніх могілак, каб нам усім разам прайсьці ў Курапаты і нам усім разам ушанаваць памяць нашых дзядоў”.
Тацьцяна Барэй, Асіповічы: “На Дзяды я заўсёды хаджу на могілкі да бацькоў, а таксама па магчымасьці ў Курапаты. Абрад восеньскага памінаньня продкаў прыйшоў да мяне з Адраджэньнем. Ва ўрочышча я ўпершыню патрапіла, калі за яго захаваньне змагалася моладзь. З таго часу стараюся прайсьці ў калёне ад гадзіньнікавага заводу. Хай больш людзей ведае і памятае пра ахвяраў НКУС, каб тое не паўтарылася. Вельмі добра, што ходзяць на Ўсходнія могілкі ўскладаць кветкі на магілы пісьменьнікаў. Адно другому не супярэчыць, а толькі дапаўняе. Усё роўна ў Курапаты ўсе прыйдуць разам. Жыве Беларусь!”
Працягваем праграму пытаньнем, якое праз СМС даслаў Робэрт Кузьняцоў: “Шаноўная Свабода! Па вашым радыё пачуў, што Беларусь у сусьветным рэйтынгу па ўзроўні свабоды СМІ заняла 154-е месца. Цікава было б даведацца, якія краіны займаюць 1, 2 i 3 месцы. А таксама якія месцы займаюць такія краіны, як Латвія, Расея, Украіна, ЗША і Грузія”.
На пытаньне адказвае сябра грамадзкай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец:
“Паводле індэксу, складзенага міжнароднай арганізацыяй “Рэпартэры бязь межаў”, першае і другое месцы ў сьвеце паводле свабоды слова займаюць Ісьляндыя і Люксэмбург. Трэцяе месца трымае Нарвэгія. Латвія таксама займае вельмі добрае месца — яна і некалькі іншых краін падзяляюць месцы зь сёмага па трынаццатае. Украіна знаходзіцца на 87 месцы, што таксама неблагі паказьнік. Расея — на 141 месцы, Грузія — на 120 месцы. ЗША ў гэтым рэйтынгу маюць 36 месца”.
Далей выказваньні ў працяг тэмы:
Спадар: “Я хачу выказаць падзяку вашаму радыё, што кожны можа выказаць свае думкі, меркаваньні, і самае галоўнае — абсалютна бясплатна. Я вось не магу спакойна ўспрымаць, як амаль у кожнай дзяржаўнай перадачы на тэлебачаньні, радыё кожныя паўгадзіны лямант стаіць: “Мы хочам ведаць вашае меркаваньне, удзельнічайце ў нашых перадачах, выказвайце свае думкі!” Але ж усё гэта толькі за грошы. Нават цану не называюць, а адсылаюць на сайт тэлерадыёкампаніі. А паслуга аказваецца платная. Дрэнныя справы, значыцца, у дзяржаве, калі нават дзяржаўная радыёкампанія спрабуе такім чынам зарабіць нейкую капейчыну”.
Спадар: “У “Камсамолцы” пазначаны частоты, напрыклад, 6105 — як гэта зразумець на звычайным радыёпрыймачы?”
На пытаньне адказвае супрацоўнік Радыё Свабода Сяргей Шупа:
“Рэч у тым, што ёсьць дзьве традыцыі пазначэньня месца ў эфіры: частата і даўжыня хвалі. Яны суадносяцца праз хуткасьць сьвятла. Каб, ведаючы частату, вылічыць даўжыню хвалі, трэба 300 000 — гэта хуткасьць сьвятла — падзяліць на частату. І ў выніку мы атрымаем даўжыню хвалі ў мэтрах. І тады трэба глядзець на прыймачы, якая разьметка шкалы: звычайна кароткія хвалі дзеляцца на некалькі — пяць, шэсьць — паддыяпазонаў. Скажам, 25 мэтраў, 31 мэтар, 41 мэтар, 49 мэтраў. Альбо разьметка будзе ў гэтых мэтрах, альбо ў кілягерцах. І ў залежнасьці ад гэтага глядзіце, на што вам арыентавацца: ці на частату, ці на даўжыню хвалі. Нагадваю, што пераход з частаты на даўжыню хвалі атрымліваецца, калі падзяліць 300 000 на тое, што вы маеце”.
Працягваем праграму тэлефанаваньнем на тэму выбараў:
Спадар: “Не сакрэт, што каля трэці дэпутатаў так званай Палаты прадстаўнікоў засталіся ў сваіх крэслах яшчэ на адзін тэрмін, нягледзячы на тое, што ў складзе мінулай “палаткі” яны дружна галасавалі за скасаваньне льготаў і іншыя непапулярныя ўказы правадыра. Калі б у нас былі сапраўдныя выбары, то за такое ніхто б ня стаў дэпутатам паўторна”.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.