Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шалёныя лісы ў Віцебску


Трупы жывёлін, якія памерлі ад шаленства, знойдзены апошнімі днямі ў абласным цэнтры. У некалькіх раёнах гораду абвешчаны двухмесячны карантын.


У самым цэнтры Віцебску — у навакольлі вуліцы Камуністычнай, дзе недалёка ад гарадзкога шпіталю № 1 быў знойдзены першы труп хворай на шаленства лісы, з 26 кастрычніка правяраюць усіх хатніх жывёл. З учорашняга дня гэта робіцца і ў прыватным сэктары ўздоўж ракі Лучосы — там знайшлі другі труп шалёнай лісы.

Прадстаўнікі санітарных службаў гораду спрабуюць выявіць усіх, хто мог мець кантакт з хворымі жывёламі, і распавядаюць людзям пра небясьпеку шаленства і першыя сымптомы гэтае сьмяротнае хваробы. Пакуль па дапамогу да мэдыкаў зьвярнуўся толькі адзін тутэйшы жыхар. Яго паклалі ў шпіталь, і цяпер ён праходзіць курс антырабічнай вакцынацыі.

Паводле зьвестак адмыслоўцаў з абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя, сёлета на Віцебшчыне зарэгістравана амаль на 35 адсоткаў больш выпадкаў шаленства жывёлін у параўнаньні зь мінулым годам. Мэдыкі чакаюць сэзоннага выбуху гэтае хваробы: менавіта ў кастрычніку і лістападзе зазвычай выяўляецца найбольш фактаў заражэньня.

Аднак звычайна з хворымі дзікімі жывёламі сустракаюцца жыхары сельскай мясцовасьці: бывае, што шалёныя лісы ды яноты прыходзяць да чалавечага жытла з бліжэйшых лясоў. Выпадкі, калі хворыя зьвяры прыходзяць у горад, лічацца адносна рэдкімі, але больш небясьпечнымі, бо санітарныя службы практычна ня могуць адсачыць кантакты хворых жывёлін з гарадзкімі валачашчымі сабакамі ды катамі. Адзіным сродкам змаганьня супраць эпідэміі шаленства ў такім выпадку робіцца адлоў ды зьнішчэньне валачашчых жывёлін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG