Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За камуністамі Царква засталася Царквой дзякуючы новым пакутнікам»


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Наталька Васілевіч. Яна – кіраўнік беларускага хрысьціянскага парталу “Царква”, рэгіянальны прадстаўнік Сусьветнага брацтва праваслаўнай моладзі “Сіндэсмас”. Сёньня Наталька Васілевіч расказвае пра малавядомых беларускіх пакутнікаў-сьвятароў

28 кастрычніка 1999 году Сьвяты Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы прыняў рашэньне аб шанаваньні сабору сьвятых новых пакутнікаў-сьвятароў у зямлі Беларускай, якія пацярпелі і прынялі сьмерць у часы савецкае ўлады.
Калі Патрыярх Аляксій ІІ наведаў Беларусь на мінулым тыдні, то ў адной са сваіх прамоваў згадаў нашага вялікага суайчыньніка, архібіскупа Апанаса (Мартаса), вядомага царкоўнага дзеяча ў Беларусі ў часы нямецкай акупацыі, які эміграваў на Захад, далучыўся да Карлавацкай Царквы (т.зв. Рускай Праваслаўнай Царквы ў Замежжы), быў біскупам у Аргентыне і ў Аўстраліі і напісаў некалькі гістарычных працаў, прысьвечаных Беларусі.
Дык вось, уладыка Апанас выкладаў на пастырскіх курсах у Жыровіцах у ваенныя гады, і па сьведчаньні ягоных студэнтаў, павышаў адзнаку тым, хто адказваў па-беларуску – заахвочваў такім чынам студэнтаў размаўляць на роднай мове.
Дарэчы, адзін з арганізатараў і выкладчыкаў гэтых пастырскіх курсаў сьвятар Віталь Баравой, які дасягнуў вышэйшага ганаровага сану – протапрасьвітара, дваццаць год як выбітны багаслоў прадстаўляў Рускую Праваслаўную Царкву ў Сусьветнай Радзе Цэркваў у Жэнэве, таксама вельмі заахвочваў беларусаў да роднай мовы. А. Віталь спачыў сёлета на сьвята Дабравешчаньня, у той самы дзень, калі й іншая выбітная праваслаўная беларуска Ларыса Геніюш.
Дык вось, разам зь біскупам Апанасам па Беларусі адкрываць цэрквы езьдзіў архім. Серафім (Шахмуць), адзін з тых, хто ўваходзіць у сабор новых пакутнікаў. Ён прыняў пакутніцкую сьмерць ужо пасьля вайны, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з акупацыйнымі ўладамі і адкрыцьці храмаў на акупаванай тэрыторыі.
Новыя пакутнікі – гэтыя тыя людзі, дзякуючы якім Царква засталася Царквой у складаныя камуністычныя часы, калі афіцыйная царкоўная ўлада прыняла прынцып ляяльнасьці да савецкага рэжыму і нават адмаўляла наяўнасьць людзей, якія церпяць за Хрыстову веру.
"Крымінальнік, злодзей, калабарант, здраднік Радзімы," – паўтаралі царкоўныя гіерархі выракі бязбожнай улады. Але менавіта гэтыя людзі, прыніжаныя і пакінутыя ўсімі, у т.л. сваімі адзінаверцамі, заставаліся сьведкамі Царквы.
Пакутнік – мартырас – па-грэчаску значыць «сьведка».
Храм у гонар сьвятых новых пакутнікаў ёсьць у Менску – у Пакроўскім прыходзе па адрасе: пр. Пераможцаў, 82, мікрараён Вясьнянка. Гэта крыптавы храм, у ім знаходзяцца іконы беларускіх сьвятых, а таксама сьвятых, якія мелі да Беларусі нейкае дачыненьне.
Звычайна памяць сьвятых новых пакутнікаў правіцца ў бліжэйшую да 28-га кастрычніка нядзелю. Сёлета ж служба адбудзецца ў нядзелю 2-га лістапада – у дзень, калі мноства беларусаў успомняць пра нявінных ахвяраў камуністычнага рэжыму і пройдуць традыцыйным жалобным шэсьцем у Курапаты.
Трапар святым навамучанікам, том 5: "О, сабор новых пакутнікаў і вызнаўцаў нашых, веру годна захаваўшых, вы ў цярпеньнях, бедах і пакутах, як стаўпы непахісныя, выстаялі, маліцеся за нас да Госпада, каб мы веру непахісную захавалі і Ён збавіў душы нашы".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG