Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Камсамол” – гэта газэта такая...


Сёньня спаўняецца 90 гадоў ВЛКСМ – Усесаюзнаму Ленінскаму Камуністычнаму Саюзу Моладзі. Ці памятае народ, што такое камсамол, ці лічыць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пераемнікам камсамолу? Апытаньне на вуліцах Менску.

Карэспандэнтка: “Вы ведаеце, што такое камсамол? Яго варта ўзгадваць, ёсьць за што?”
Спадар: “Канечне, варта, ёсьць за што. За ўсё добрае, што ён зрабіў, за добрыя справы”.
Карэспандэнтка: “А вось зараз ёсьць пераемнікі камсамолу?”
Спадар: “Я так асабліва не ўнікаю, але ёсьць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Ён таксама добрымі справамі займаецца”.
Карэспандэнтка: “Вы памятаеце – некалі быў камсамол?”
Спадарыня: “Канечне, я нават сама кіравала камітэтам камсамолу. Я ў школе працавала, і ў мяне было 300 камсамольцаў у 10-й сярэдняй школе Менску. І зборам макулатуры займаліся, і мэталялом зьбіралі, усё рабілі”.
Карэспандэнтка: “Такім чынам, старэйшае пакаленьне памятае, што такое камсамол. А зараз запытаем у маладога пакаленьня, ці ведае яно, што такое камсамол?”
Дзяўчынка: “Так, гэта газэта такая”.
Карэспандэнтка: “Газэта? Маеце на ўвазе “Камсамолку?” А камсамол?
Дзяўчына: “Не”.
Карэспандэнтка: “А ведаеце наагул якія-небудзь моладзевыя арганізацыі, чым яны займаюцца?”
Дзяўчына: “БРСМ. Але чым займаецца – ня ведаю”.
Другая дзяўчына: “Я таксама ня ведаю”.
Спадарыня: “У БРСМ зараз усе ўступаюць”.
Карэспандэнтка: “А вы ўступілі?”
Спадарыня: “Так, здаём грошы на дапамогу дзецям з малазабясьпечаных сем’яў. Я пакуль ня ведаю, што яшчэ робіць, бо толькі што ўступіла”.
Карэспандэнтка: “Ці ведаеце вы, што такое камсамол?”
Юнак: “Не, ня ведаю”.
Хлопец: “Падазраю, што нешта кшталту БРСМ”.
Карэспандэнтка: “А чым займаецца?”
Хлопец: “Паняцьця не маю. Я сам быў чальцом некалі, але выйшаў, таму што незразумела, чым яны займаюцца”.
Юнак: “Я таксама раней быў у БРСМ, трэба было – уступіў, але на гэтым маё сяброўства і завяршылася. Каб паехаць у будатрад, трэба было быць БРСМаўцам. Але так і не паехаў”.
Карэспандэнтка: “Ці ведаеце вы, што такое камсамол?”
Хлопец: “Нейкая суполка, якая займаецца, мне здаецца, фіктыўнай дзейнасьцю. Ня ведаю, што яны робяць дакладна”.
Карэспандэнтка: “А вы думаеце, што камсамол зараз ёсьць?”
Хлопец: “Напэўна, ёсьць. БРСМ ці нешта такое”.
Юнак: “Камсамол – гэта арганізацыя, якая існавала ў часы Савецкага Саюзу. А БРСМ – гэта той жа камсамол, толькі менш радыкальны, таму што ня так заганяюць нас туды, можна ўхіліцца”.
Карэспандэнтка: “А рэальныя справы якія-небудзь ведаеце?”
Юнак: “Ня бачу і ня чуў, каб БРСМ нешта карыснае рабіў, і таму я сам не гару жаданьнем туды ўступаць, таму што толку там няма”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG