Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэрцыялізацыя дабралася да дзіцячай майстэрні


Бацькі дзяцей, якія наведваюць гурток саломапляценьня ў Нацыянальным цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі, кажуць пра небясьпеку закрыцьця гуртка. Прычынай называюць камэрцыялізацыю дзіцячай установы з даўняй гісторыяй.

Вераніка Лебедзь — маці чатырох дзяцей. Старэйшая дачка Злата і сыны Казік і Глеб ходзяць ў гурток саломапляценьня, які вядзе Валянціна Лойка. Гурток ўжо болей за 10 гадоў працуе ў Нацыянальным Цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі — былым рэспубліканскім Доме піянэраў. Дзеці ад заняткаў у захапленьні. Але іх справа ўжо амаль не актуальная. Ня ў тым сэнсе, што няма патрэбы, а ў тым, што выкладчыца Валянціна Лойка далей ня зможа вучыць дзяцей у былой майстэрні. Майстэрня, якой болей за 50 гадоў, спадабалася тым, хто вырашыў зарабляць грошы на іншай справе — на платных клясах для дашкольнай падрыхтоўкі. Распавядае Вераніка Лебедзь.

“Зараз вельмі папулярным стала арганізоўваць школкі для паступленьня ў школы. Выкладаць пяцігадовым дзеткам матэматыку, рускую мову і маляваньне. І вось аўтарам гэтай ідэі спадабалася майстэрня, дзе вялі гурток. Ня ведаю толькі, чаму менавіта гэтае, бо там шмат памяшканьняў. Плянуецца, што займацца будуць 80 дзетак, па 30 тысяч бацькі будуць плаціць, і гэтак Цэнтар будзе зарабляць грошы. Яшчэ ў мінулым годзе, калі прапанавалі рабіць гурткі платнымі, Валянціна адмовілася. Бо калі зрабіць гэтыя рамёствы платнымі, дзеці адмовяцца хадзіць”.

Выкладчыца саломапляценьня Валянціна Лойка пацьвердзіла, што адміністрацыя Цэнтра ужо закупіла новыя вучэбныя парты для арганізацыі школкі. Гэтымі партамі заменяць сталы, якія стаялі ў майстэрні дзясяткі гадоў, і за якімі вучыліся мастацкаму майстэрству многія вядомыя цяпер на ўсю Беларусь і сьвет мастакі. Менавіта пра непазьбежную шкоду мастацкаму асяродзьдзю у выніку камэрцыялізацыі былога Дома піянэраў кажа Валянціна Лойка:

“Зьнікне ж пэўны асяродак. Бо ў мастакоў гэтак — стварыў асяродак, і справа сама ідзе, 50% посьпеху ад гэтага. Калі няма пошлых рэчаў, то дзіця само трапляе ў такое творчае поле і ў пэўным сэнсе выхоўваецца”.

Хоць сваю справу Валянціна Лойка называе непрэстыжнай і малапрыбытковай, але вельмі яе любіць. Выкладчыца кажа, што пазашкольная праца зь дзецьмі дазваляе разгарнуць іх творчы патэнцыял, а мастаку дае шмат магчымасьцяў для рэалізацыі творчых праектаў.

У Цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі адмаўляюць тое, што гуртку строўдызайна, ці саломаплястыкі, вынесены сьмяротны прысуд. Там кажуць, што яго проста перавядуць у іншы будынак, на вуліцу Фабрыцыюса. Але Валянціна Лойка мяркуе, што на гэтым дзесяцігадовая гісторыя гуртка можа закончыцца.

“Вось, да прыкладу: музычны калектыў, граюць музыкі клясычныя рэчы. А нехта прыходзіць, заказвае блатныя мэлёдыі й ім загадваюць іх граць ў рэпэртуары. І тады гэтыя музыкі проста разыходзяцца, бо больш немагчыма існаваць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG