Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Можа быць капец і ўкладу, які ляжыць у банку"


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 21 кастрычніка, аўторак.


Міжнародны фінансавы крызіс — тэма, якую абмяркоўваюць слухачы Свабоды.

Спадар:

“Разваліўся Саюз, а яго непарушнасьць
Гарантавалі танкі і пушкі.
Можа быць капец і ўкладу, які ляжыць у банку,
Тады за мільён купіш толькі на булён кубік Галіны Блянкі.
Як зьберагчы капейку?
Трэба купіць нерухомасьць, хатку, дзесяць сотак зямелькі.
Слухач гаварыў, які некалі ў банку ўклад згубіў”.

Далей выказваньні на адрас кіраўніка краіны і апазыцыі:

Спадар: “Лукашэнка рабіў 12 гадоў Савецкі Саюз. У яго нічога не атрымалася. Я ўчора паглядзеў і паслухаў, як ён выступаў, што трэба ісьці ў Эўропу. Даўно трэба было так рабіць з Эўропай. А не цягнуць нас у багну, у сваю Беларусь. Зараз бы жылі вельмі добра”.

Спадарыня з Барысава: “Чаму апазыцыя страціла аўтарытэт сярод народу? Няправільна паказвае прыклады тых краінаў, дзе існуе дэмакратыя. Не паказваюць дэмакратычныя краіны, а паказваюць толькі тыя, дзе пасьмейваюцца з тае дэмакратыі. То на Ўкраіне, то ў Грузіі. І ў нас прыводзяць прыклад, што вось пры Шушкевічу была дэмакратыя. Вось ужо глынулі свабоды. Людзі ж памятаюць, якая свабода была, якая дэмакратыя была. Што абабраў народ, грошы, што людзі адкладалі на пахаваньне, — усё адабраў. І Шушкевіч — ідэальны дэмакрат!”

Выказваньне камэнтуе старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

“Я якраз быў дэпутатам парлямэнту, калі Станіслаў Шушкевіч нядоўгі час быў кіраўніком Вярхоўнага Савету. Той, хто тэлефанаваў, пэўна, забыўся, што краінай кіраваў не Шушкевіч, а Кебіч. І ўрад Кебіча вінаваты ў талёнах, купонах і ў тым, што мы ўвялі свае грошы самымі апошнімі на тэрыторыі Савецкага Саюзу. І таму за пустыя савецкія рублі ў нас вывезьлі апошнія тавары. Дарэчы, калі б не Шушкевіч, то дэпутат Лукашэнка і блізка ня стаў бы кумірам тых людзей, якія сёньня тэлефануюць. Дарэчы, ён абяцаў вярнуць і “грабавыя”, і “дамавыя”, і лядоўні, і тэлевізары, і па карове кожнаму купіць. Ну вось, зьвяртайцеся, атрымайце тое, што вам абяцалі”.

Далей яшчэ адно выказваньне на адрас апазыцыі:

Спадар: “Лідэрам апазыцыі трэба навучыцца размаўляць з простым людам беларускім. Ня трэба інтэлектуальнасьці высокай, таму што простыя людзі ня змогуць зразумець. Трэба вучыцца, як размаўляе наш прэзыдэнт з простым людам, і ён атрымлівае разуменьне! А апазыцыю не разумеюць, хоць, мабыць, у яе і высокія прызначэньні. Гэта вельмі важна. Нашы прадстаўнікі апазыцыі езьдзілі па Эўропе і Амэрыцы, што ж яны сказалі і якое рэагаваньне — вы ведаеце, адмоўнае рэагаваньне нават на ўсе довады, якія яны рабілі пра становішча ў Беларусі. Дзед зь Менску”.

Камэнтуе намесьнік кіраўніка руху “За Свабоду” Віктар Карняенка:

“Шмат у чым можна пагадзіцца з паважаным спадаром: апазыцыі трэба вучыцца размаўляць зь людзьмі, і ня толькі падчас выбарчай кампаніі. Тут я цалкам згодны. Я ня думаю, што ў беларускіх апазыцыянэраў мова вельмі адрозьніваецца ад мовы народу. Але што тычыцца прыкладу са спадаром Лукашэнкам, то ня кожны гэтак жа лёгка паводзіць сябе зь людзьмі. Калі сказаў — трэба выконваць, людзям трэба казаць толькі праўду — і вось тут ёсьць істотныя адрозьненьні. Што тычыцца паездак, то гэта адзіная магчымасьць клапаціцца пра краіну і грамадзян у абсалютна прыкладных рэчах — адносна кошту візаў і гэтак далей. І што да рэакцыі дэмакратычных краінаў адносна падзеяў у Беларусі: вельмі красамоўная рэакцыя на ацэнку выбараў у Беларусі — дэмакратычныя краіны не прызналі гэтых выбараў”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG