Ён адбываў пакараньне па месцы жыхарства ў Асіповічах. Мясцовыя міліцыянты вынесьлі яму тры папярэджаньні за нібыта парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня і распачалі супраць Арцёма новую крымінальную справу. Маладафронтаўцы супольна вырашылі, што хлопцу ня трэба чакаць, пакуль яго пазбавяць волі, а лепш зьехаць за мяжу.
Арцём Дубскі знаходзіцца ў Кіеве ў партнэраў “Маладога фронту”.
Арцём распавядаў, што супраць яго ў жніўні распачалі крымінальную справу. Міліцыянты падазравалі яго ў махлярстве. Арцём апавёў “Свабодзе”, што даваў свой мабільны тэлефон на суткі пакарыстацца сябру. Праз чатыры месяцы пасьля гэтага Арцёма абвінавацілі ў тым, што празь ягоны мабільны тэлефон быў выхад у інтэрнэт на суму больш за 5 мільёнаў рублёў (гэта каля двух з паловай тысяч даляраў).
Апроч таго, на кватэры пастара Эрнэста Сабілы зрабілі ператрус і забралі кампутар. Супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што гэта робіцца ў рамках той самай крымінальнай справы, па якой праходзіць і Арцём.
Арцём Дубскі заўважыў у крымінальнай справе адразу некалькі недарэчнасьцяў:
“Вельмі дзіўна выглядаюць некалькі фактаў. Ну, напрыклад, тое, што той жа “Velcom”, які вельмі добра лічыць свае грошы і блякуе сваіх абанэнтаў за мінус дзьве-тры тысячы рублёў, не зрабіў гэтага пры такім велізарным мінусе на рахунку. Пяць мільёнаў — гэта ўсё ж такі грошы.
Другое, чаму sim-карта, якая была згубленая ў красавіку, толькі цяпер выйшла ў вышук, і толькі цяпер знайшлі чалавека? Тэхнічна гэта ўсё можна вельмі проста зрабіць”.
27 верасьня, за дзень да вулічнай акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня, Арцёма наведалі міліцыянты і паведамілі, што ён мае трэцяе папярэджаньне за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня. Арцём высьветліў, што міліцыянты склалі рапарт аб тым, што ён нібыта не пусьціў іх у кватэру, калі яны спраўджвалі, ці дома ён увечары.
Арцём Дубскі заявіў, што падчас праверкі знаходзіўся дома, міліцыянты яго бачылі і ніякіх заўвагаў не выказвалі. Ён лічыць, што міліцыянты атрымалі загад як мага хутчэй накіраваць яго адбываць пакараньне ў папраўчую калёнію.
Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч упэўнены, што ва Ўкраіне Арцём і надалей будзе займацца справамі моладзевай арганізацыі.
“Да апошняга моманту, пакуль была магчымасьць займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю, Арцём заставаўся ў Беларусі. Мы зь ім параіліся разам і вырашылі, што яму будзе лепш у дадзенай сытуацыі зьехаць ва Ўкраіну, дзе Арцём будзе працягваць займацца справамі “Маладога фронту”, справай беларушчыны. Думаю, што там, за межамі нашай Радзімы, ён будзе прыносіць нашай Бацькаўшчыне ня меншую карысьць”.
Арцём Дубскі стаў другім па ліку маладафронтаўцам, які эміграваў ва Ўкраіну. У 2004 годзе туды зьехаў Ігар Шчыкарэвіч, пасьля таго, як яго спрабавалі гвалтоўна забраць у войска. Цяпер ён вучыцца па праграме Каліноўскага ў Беластоку.
Летась зьехалі ў Вільню актывісты “Маладога фронту” Кірыл Атаманчык са Жлобіну і Арсеній Ягорчанка са Сьветлагорску, пасьля таго, як супраць іх распачалі крымінальныя справы за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
Акрамя Арцёма Дубскага, зь ліку асуджаных па “справы 14-ці” за мяжой знаходзіцца Тацяна Цішкевіч. Яна вучыцца ў Польшчы.