Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё былых палітвязьняў: ад посьпехаў да праблемаў


Чым зараз займаюцца былыя палітвязьні, якія выйшлі на волю ў выніку саступак беларускага рэжыму?


Сяргей Парсюкевіч аднавіў выпуск газэты для прадпрымальнікаў. Андрэй Кім паступіў вучыцца ва ўнівэрсытэт. Кацярына Садоўская бароніць у судзе вядомага беларускага музыканта.

Сяргей Парсюкевіч
Менавіта з адраджэньня былога пачаў першыя крокі на волі віцебскі прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч, калі ў сёлетнім жніўні выйшаў зь менскай турмы. Да суду Сяргей выпускаў газэту для працаўнікоў свайго рынку. Апошні, трынаццаты нумар стаўся сапраўды няшчасным: пасьля яго выдавец патрапіў за краты. І вось нядаўна ён падпісаў у сьвет чарговы, 14-ы нумар, які лічыць удалым у тым сэнсе, што газэта ўсім паказала: Сяргей Парсюкевіч турмой не зламаны, са свайго шляху ня збочыў і збочваць не зьбіраецца.

“Гэта газэта для прадпрымальнікаў, але яна асьвятляе і ўсе галоўныя падзеі ў краіне. Дзе што цікавае адбылося, каго і дзе “ўкаталі”. У гэтым нумары ёсьць зварот да прадпрымальнікаў, а яшчэ — мой артыкул “Погляд з-за калючкі”. Нагадваю, за што сеў, дзе адбываў пакараньне, што і як было ў турме. Газэта раздаецца на рынку, і ўжо не засталося нумароў. Людзі пытаюцца, дзе ўзяць”.

Наклад газэты Сяргея Парсюкевіча невялікі — 299 экзэмпляраў. Гэта дазваляе пазьбегнуць рэгістрацыі і скарачае выдаткі. Ранейшыя нумары актывіст выпускаў фактычна на свае грошы, але зараз ад бізнэсу ў яго ніякіх прыбыткаў няма, бо ліцэнзію адабралі. Жыве выключна на міліцэйскую пэнсію. І хоць ня ведае, як далей фінансаваць газэту, аднак адмаўляцца ад яе не зьбіраецца.

Андрэй Кім
У жніўні ў адзін дзень зь Сяргеем Парсюкевічам датэрміновага вызваленьня дачакаўся й Андрэй Кім, які адбываў пакараньне ў Бабруйскай калёніі. У Менску журналісты чакалі Андрэя ля пад’езду ягонага дому і зьдзівіліся, пабачыўшы хлопца зусім бяз рэчаў. “Трыццаць кіляграмаў кніг пакінуў на аўтавакзале ў камэры захаваньня”, — сказаў тады Андрэй. Патлумачыў: там шмат падручнікаў — у калёніі рыхтаваўся да паступленьня ў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Мой званок Андрэю Кіму засьпеў яго якраз пасьля прыемнай весткі:

“У мяне ж навіна вельмі добрая! Нарэшце паступіў у ЭГУ, і цяпер я студэнт! Учора пра гэта паведамілі, і сёньня вось я хаджу такі радасны… Залічаны на першы курс, спэцыяльнасьць “мэдыі й камунікацыі”.

Вучыцца Андрэй Кім будзе завочна, зь Менску ён не зьяжджае. Не зьбіраецца адыходзіць і ад грамадзкай дзейнасьці. Як актывіста найбольш яго цяпер непакоіць разлад у Маладым фронце: канфлікт паміж былымі палітвязьнямі Зьмітром Дашкевічам і Артурам Фінькевічам Андрэй Кім успрымае як вельмі балючую падзею.

Аляксандар Казулін
А самы знакаміты з трох адпушчаных на волю ў жніўні палітвязьняў — былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін — увесь гэты час і не зьнікаў са стужак інфармацыйных паведамленьняў. Мой званок засьпеў Аляксандра Казуліна пасьля вяртаньня з Брусэлю, дзе палітык выкладаў сваю пазыцыю ў пытаньні паслабленьня санкцыяў адносна Беларусі. Пра свае бліжэйшыя пляны Аляксандар Казулін распавёў:

“21 кастрычніка мы запрошаныя на сустрэчу зь міністрам замежных спраў Польшчы Радэкам Сікорскім. Потым у мяне заплянаваная паездка ў Вільню, а ўжо тады можна й адпачыць”.

Аляксандар Казулін не хавае, што праблемай для яго застаецца здароўе — да адпачынку абавязкова трэба прайсьці мэдычнае абсьледаваньне.

Павал Севярынец
У папярэдняй хвалі адпушчаных на волю апазыцыянэраў быў Павал Севярынец, які адбываў “хімію” ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну. На волі Павал Севярынец ужо год. Што зроблена за гэты час? Як літаратар Севярынец пералічвае: выйшлі ў сьвет кніжкі “Лісты зь лесу” і “Брату”, цяпер піша раман пра сучаснае жыцьцё. А палітык Павал Севярынец найперш заклапочаны стварэньнем партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Улады ўпарта перашкаджаюць яе стварэньню, між тым Севярынец верыць у пераможнасьць ідэй хрысьціянскай дэмакратыі:

“Адраджэньне Беларусі — гэта адраджэньне веры, адраджэньне хрысьціянства. Шмат хто паверыў у гэта, бо зразумеў, што бязь веры нічога ня будзе. Шмат хто верыць па ўласных прычынах, бо ў сваім асабістым жыцьці яны бачаць Бога. Я асабіста пакаяўся, бо не знайшоў сэнсу жыцьця ў гэтым сьвеце, я зразумеў, што ён у нечым іншым, і дзякуй Богу — у гэты момант убачыў сьвятло”.

Кацярына Садоўская
За некалькі месяцаў да Паўла Севярынца выйшла на волю праваабаронца Кацярына Садоўская, якая адбыла ў Гомельскай жаночай калёніі дакладна год. У студзені Кацярына Садоўская страціла мужа Віктара, які памёр ад цяжкой хваробы. Пакуль Кацярына была за кратамі, ён, прыкаваны хваробай да ложку, падтрымліваў яе лістамі ды распавядаў журналістам пра змаганьне сваёй любай зь беззаконьнем у калёніі. Гэта празь яго ўся Беларусь даведалася пра існаваньне ў дварах калёній жалезных клетак, дзе ў любое надвор’е трымаюць вязьняў.

Дык вось цяпер Садоўская працягвае бараніць людзей, змагаецца са сваволяй чыноўнікаў. Адзін з тых, каму дапамагае Кацярына Садоўская, — вядомы музыкант, былы саксафаніст Аляксандар Дыка, які працаваў з эстраднымі зоркамі — Юрыем Антонавым, Аляксандрам Ціхановічам, Ядвігай Паплаўскай. Зь сярэдзіны 1990-х Аляксандар Дыка інвалід: пасьля дабрачыннага канцэрту яго разьбіў інсульт. Сваякі музыканта спрабуюць адсудзіць у яго кватэру, і Кацярына Садоўская ў судох дапамагае чалавеку адстаяць свае правы.

“Бо ён зараз у такіх жа ўмовах, як і мае родныя, калі я была ў турме. Яго жонка ўвесь час падтрымлівала маіх сваякоў. А цяпер я аддаю, так бы мовіць, свае даўгі. Такая чалавечая ўзаемадапамога… І яшчэ ёсьць у мяне іншыя людзі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG