Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцам “Віцязі” не патрэбныя


Усясьветны фінансавы крызіс ня можа абмінуць Беларусь. Да гэтай думкі ўсё больш схіляюцца ня толькі фінансісты, але і прадстаўнікі вытворчасьці.


Іх непакоіць, што з-за адсутнасьці сродкаў у замежных пакупнікоў можа значна скараціцца беларускі экспарт.

Старшыня прамысловай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Паўловіч раней працаваў намесьнікам генэральнага дырэктара Менскага падшыпнікавага заводу. І ён цудоўна ведае, што для любога прадпрыемства азначаюць надзейныя рынкі пастаўкі сваёй прадукцыі. Цяпер сытуацыя тут можа пагоршыцца, прагназуе спадар Паўловіч:

“У нас вельмі моцны складнік — экспарт. І таму я хвалююся, што тыя краіны, куды ідуць нашы тавары, напрыклад, аўтамабілі, сталь зь Беларускага мэталюргічнага камбінату ды іншае, могуць зьменшыць аб’ёмы сваіх закупаў. І з рэалізацыяй нашай прадукцыі могуць узьнікнуць праблемы”.

Гэтаксама з трывогай глядзіць на пастаўкі беларускіх тавараў за мяжу і былы генэральны дырэктар канцэрну “Амкадор” Васіль Шлындзікаў. Ён прагназуе перабоі для беларускіх вытворцаў найперш на расейскім рынку:

“Як я разумею, цяпер расейскія банкі бяз грошай. Нягледзячы на трыльённыя ўліваньні ў рублях. А гэта азначае, што яны будуць вымушаны скараціць крэдытаваньне. А са зьмяншэньнем крэдытаваньня пачнуцца збоі”.

Анатоль Паўловіч зьвяртае ўвагу на тое, што Беларусь — не ізаляваная ад усяго сьвету сыстэма:

“Таму ўсе гэтыя абвальныя працэсы, якія цяпер адбываюцца ў Эўропе і якія пачаліся з ЗША, нас зачэпяць. Пытаньне — у якой ступені? Прагназаваць гэта складана. Але галоўнае, што хвалюе, — гэта наш экспарт. Ад яго шмат залежыць у атрыманьні дзяржавай грошай. І вельмі хвалюе, каб усясьветны абвал не адбіўся на нашым гандлі”.

Яраслаў Раманчук
Кіраўнік аналітычнага фонду Мізэса Яраслаў Раманчук мяркуе, што складанасьці на расейскім фінансавым рынку адаб’юцца і на магчымасьцях Расеі крэдытаваць Беларусь надалей:

“Тым больш што ўжо сёньня цана нафты ніжэйшая за тую, якую заклаў міністар Кудрын у бюджэт. І, безумоўна, расейцы будуць рабіць спробы зьмяніць сытуацыю. Каб не выходзіла так, што некаторыя краіны будуць атрымліваць датацыі, не даючы нічога ўзамен Расеі”.

Апроч гэтага, зьявілася яшчэ адна акалічнасьць, якая можа зьменшыць беларускі экспарт у Расею. Яна, праўда, не зьвязаная непасрэдна зь фінансавым крызісам, але нясе ў сябе пагрозу беларускім прадпрыемствам. 10 кастрычніка пры абмеркаваньні ў Палаце прадстаўнікоў заканадаўства аб свабодных эканамічных зонах прагучала інфармацыя, што ў расейскім Калінінградзе пабудаваны супэрсучасны тэлевізійны завод. І цяпер узьнікае пытаньне, што рабіць зь віцебскімі тэлевізарамі “Віцязь”? Расейцам яны ўжо непатрэбныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG