Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі расьце колькасьць памежных станаў


Сёньня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень псыхічнага здароўя.


Ён быў заснаваны ў 1992 годзе паводле ініцыятывы Усясьветнай фэдэрацыі псыхічнага здароўя. Напачатку гэтага году ў Беларусі зарэгістравана 535 тысяч чалавек, якія пакутуюць на псыхічныя хваробы – гэта 5,5% насельніцтва.

Беларускі мэдыкі адзначаюць не істотны, але сталы рост псыхічных захворваньняў. Да прыкладу, летась былі выяўленыя амаль 75 тысяч новых хворых. Асабліва гэта тычыцца людзей сталага веку, кажа намесьнік галоўнага лекара Рэспубліканскага псыхіятрычнага шпіталю Яўген Новікаў:

“Насельніцтва старэе і пачынаюць выяўляцца псыхічныя растройствы. Раней моладзь да іх проста не дажывала. Зараз месцаў і інтэрнатах не хапае, і некаторыя хворыя знаходзяцца ў нас у шпіталях, хоць ім патрэбна ня лекаваньня, а проста догляд”.

Мэдыкі таксама адзначаюць, што павялічваецца колькасьць памежных станаў сярод больш маладога насельніцтва. Прычынай таму ёсьць пашырэньне п’янства, наркаманіі, а таксама агульны стан сёньняшняга жыцьця. У зьвязку з чым Генэральная пракуратура ініцыюе зьмены ў закон “Аб псыхіятрычнай дапамозе насельніцтву”. Асабліва гэта тычацца хворых, што стаяць на амбуляторным уліку. У зьвязку з чым у прэсе зноў загаварылі пра магчымае выкарыстаньне псыхіятрыі ў палітычных мэтах. Спадар Новікаў:

заўсёды ў кагосьці можа зьявіцца такая спакуса
“Канечне, як і ў любым грамадзтве, у любым месцы, заўсёды ў кагосьці можа зьявіцца такая спакуса. Але калі гэтую сытуацыю трымаць пад кантролем, калі кожны будзе выконваць сваю працу, як належыць, то ўсё будзе нармалёва”.

Неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбраў моладзевая актывістка з Магілёву Крысьціна Шацікава была гвалтоўна зьмешчаная ў псыхіятрычны шпіталь і знаходзілася там цягам трох дзён. Зараз яна намагаецца прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у здарэньні. На тэму перасьледу іншадумцаў выказваецца таксама слухач у сваім тэлефанаваньні на Свабоду:

“Хацеў бы, каб Радыё Свабода паведаміла пра псыхіятрычныя клінікі, куды рэжым адпраўляе тых, хто ня згодны зь ім”.

Палітык і праваабаронца Уладзімер Лабковіч мяркуе: праблему палітычнай псыхіятрыі ня варта перабольшваць, але ня трэба і забываць:

Нельга казаць, што ў нас у масавым парадку выкарыстоўваецца рэпрэсіўная псыхіятрыя
“Нельга казаць, што ў нас у масавым парадку выкарыстоўваецца рэпрэсіўная псыхіятрыя для палітычнага перасьледу апанэнтаў сёньняшняй улады. Але ж такія сымптомы і кепскія выпадкі ёсьць. Гэта выпадак з Крысьцінай Шацікавай і іншыя. Ёсьць такія прыклады, але пакуль яны маюць адзінкавы характар, і спадзяюся, што Міністэрства аховы здароўя не дазволіць уцягнуць сябе ў такую кепскую і брудную справу”.

Паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, пэрыядычна ў сьвеце на псыхічныя захворваньні могуць пакутаваць да 25% насельніцтва. На сёньня такімі зьяўляюцца 10% жыхароў плянэты. Дэпрэсія – паводле эканамічных стратаў, якія яна прыносіць, – выйшла на чацьвёртае месца ў пераліку ўсіх захворваньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG