Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка просіцца ў Эўропу, як кот з марозу ў хату”


Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер, 9 кастрычніка.


Беларусь і Расея дамовіліся стварыць агульную сыстэму супрацьпаветранай абароны. Пра гэта паведаміў дзяржсакратар гэтак званай саюзнай дзяржавы Павал Барадзін.

Спадар: “Для чаго штодня Лукашэнка наганяе псыхоз нейкай ваеннай пагрозы для Беларусі? Выбары ж былі праведзеныя на самым дэмакратычным узроўні! Галасы падлічылі. А ён пры любой сустрэчы даказвае, што ён самы міралюбівы і стаіць толькі за свой народ. Але льготы адмяніў заслужана”.

Днямі старшыня АБСЭ Аляксандар Стуб наведаў Беларусь і выступіў зь некалькімі заявамі. Пасьля перамоваў зь беларускімі ўладамі ён заявіў:

“Мы дамовіліся, што трэба адгарнуць новую старонку ў адносінах АБСЭ і Беларусі. Я адношу сябе да пакаленьня людзей, якія стараюцца працаваць у канструктыўным ключы”.

Спадар: “Лукашэнка просіцца ў Эўропу, як кот з марозу ў хату, і заяўляе цяпер усім, што ў Амэрыцы, Эўропе і той жа Расеі крызіс. Няхай на сябе паглядзіць, на тое, што ў беларускіх вёсках робіцца — усё памерла, усё заглухла. Вось дзе наша эканоміка і наш крызіс”.

Спадар: “Хачу зьвярнуцца да Анатоля Лябедзькі. Паважаны Анатоль, вы ўжо 15 гадоў у палітыцы. За гэты час вы ўжо дзясяткі разоў аб'езьдзілі ўсе краіны сьвету. Вас прымалі ўсе вышэйшыя чыноўнікі ў Амэрыцы і Эўропе. Праз вашы рукі прайшлі дзясяткі мільёнаў даляраў. Пра гэта ня раз казала Радыё Свабода — колькі Кангрэс ЗША і краіны Эўропы выдзялялі на вашу палітычную барацьбу. Але, як бачыце, за гэтыя 15 гадоў вынік вашай працы нулявы. Народ вас не падтрымаў. Дык, можа, прыйшоў час, калі вам трэба з гонарам і годнасьцю пакінуць сваю пасаду і пайсьці на заслужаны адпачынак, а даць дарогу маладым? Можа, яны дасягнуць нечага большага, чым вы? А вам, можа, мае сэнс уладкавацца на нейкае дзяржаўнае прадпрыемства і сваёй галавой або рукамі прынесьці хоць нейкую карысьць Беларусі?”

Слухачу адказвае лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Вялікі дзякуй, што вы так высока ацэньваеце маю дзейнасьць. Калі з чалавекам сустракаюцца кіраўнікі вядучых дзяржаваў, гэта значыць, што ён не апошняе месца займае ў палітычным жыцьці, і гэта ёсьць павага да яго. Абы з кім лідэры Эўропы і Амэрыкі не сустракаліся б. Я пацьвярджаю, што ў мяне былі такія сустрэчы. Што да фінансавага боку, вы тут нешта наблыталі: ні Радыё Свабода, ні іншыя незалежныя СМІ ніколі не казалі і не маглі казаць, што нейкаму беларускаму палітыку перадалі вялізарную суму сродкаў. Каб было такое паведамленьне, адразу б былі прэтэнзіі з боку фінансавых структураў. Дарэчы, падчас гэтай парлямэнцкай кампаніі мяне 4 разы правяралі падатковыя і фінансавыя службы і інспэкцыі. Усё нармальна, ніякіх праблемаў не існуе. Што тычыцца — быць ці ня быць у палітыцы: каб я быў прэзыдэнтам, трэба было б праводзіць выбары. Адзінае, наконт чаго можна вырашыць пытаньне, быць мне там ці не, — гэта ў АГП. Але дазвольце гэта зрабіць Станіславу Багданкевічу, Зінаідзе Бандарэнцы, Васілю Шлындзікаву, Васілю Старавойтаву, Яраславу Раманчуку”.

Нашая слухачка цікавіцца:

Спадарыня: “Першы дзень навучальнага году, першага верасьня, у Літве, у каталіцкай дзяржаве пачаўся з касьцёлу, дзе дзеці разам з бацькамі, з настаўнікамі прыйшлі на імшу сьвятую, а пазьней пайшлі ў школу. А як, шаноўнае спадарства, вашы дзеці і ўнукі пачалі першага верасьня навучальны год?”

Дамо слова старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Таварыства беларускай школы” Алесю Лозку.

Алесь Лозка: “У Беларусі пакуль не прынята, каб заняткі пачыналіся ў сьвятым месцы, маю на ўвазе царкву ці касьцёл. Праўда, ёсьць у нас факультатывы, на якіх праводзяцца адпаведныя заняткі па гісторыі рэлігіі, аднабакова зроблена — болей за ўсё па гісторыі праваслаўя. Штогод Міністэрства адукацыі вызначае, на якую тэму будзе першы занятак на Дзень ведаў. У асноўным гэтыя заняткі бываюць на палітызаваную тэматыку”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG