Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пакуль існуюць датэрміновае галасаваньне ды кантрактная сыстэма — зьменаў не чакай...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 08 кастрычніка 2008 году


Як зьменіцца жыцьцё ў Беларусі пасьля парлямэнцкіх выбараў, што адбыліся 28 верасьня? Якія спадзяваньні ўскладаюць людзі на новых дэпутатаў, сярод якіх няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі? На гэтыя ды іншыя пытаньні, зьвязаныя зь мінулай выбарчай кампаніяй, спрабуюць адказаць у сваіх лістах на “Свабоду” нашы слухачы.

Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Івейскага раёну ў сваім новым лісьце на “Свабоду” паведамляе пра сваё ўспрыняцьце пасьлявыбарных беларускіх рэаліяў. Яна піша:

“Прэзыдэнт хваліцца тым, што апазыцыянэры ў Беларусі ня маюць нават самага неабходнага — працы. А гэта ж — лепшыя людзі, разумныя і дзейсныя, якія сапраўды маглі б прынесьці палёгку грамадзтву. Страшна ад гэтага. Што ў нас за краіна такая?

Цэны на каўбасу ў краме даходзяць ажно да 30 тысяч. І гэта пры нашых заробках. Дарогу ў пасёлку ня зробяць і не адрамантуюць, відаць, ужо ніколі. Як і вулічнае асьвятленьне. Можа, цётка з Ашмянаў, якую мы ня ведаем, але за якую мусілі галасаваць на выбарах, прыедзе і ўсё гэта зробіць? Ці мы да яе пераедзем — на сталае жыхарства? Усё гэта было б сьмешна, калі б не было так сумна. А па БТ тым часам — суцэльная хвальба ды хлусьня. Так надакучыла ўсё гэта...”


— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Івейскага раёну.

Калі людзі ў такую бездараж і цемру паслухмяна ідуць датэрмінова галасаваць за таго кандыдата, на якога ім пакажа ўлада — то, можа, яны і вартыя такіх умоў і такога абыходжаньня з сабой? Інакш чаму дагэтуль церпяць мясцовых чыноўнікаў, якія адказныя і за стан пасялковай вуліцы, і за вулічныя ліхтары, і за шмат што іншае?

Зрэшты, у тых, хто жыве ў гэтых умовах — уласныя аргумэнты і тлумачэньні. Вось як адказвае на пытаньне пра тое, чаму людзі, незадаволеныя сваім жыцьцём, паслухмяна ідуць на датэрміновае галасаваньне, наш слухач Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну. Ён піша:

“Людзі не пратэстуюць і пагаджаюцца галасаваць датэрмінова з прычыны страху. Найперш гэта датычыць тых, хто працуе. Адміністрацыя прадпрыемства альбо ўстановы, аддаючы загад на датэрміновае галасаваньне, папярэджвае: “Хто не паслухаецца — успомнім, калі настане пара чарговы раз працягваць працоўны кантракт”. Дзейнічае бездакорна.

У мяне шмат знаёмых у Маладэчне, дык яны шмат расказвалі пра тое, як галасавалі ў іхнім горадзе. 23 верасьня пагналі на датэрміновае галасаваньне медработнікаў, 24-га — настаўнікаў і выхавацеляў дзіцячых садоў, 25-га — работнікаў электрасетак. А яшчэ былі студэнты, вайскоўцы, міліцыянты... Пакуль існуюць датэрміновае галасаваньне ды кантрактная сыстэма — ніякіх зьменаў у Беларусі ня будзе”.


А яшчэ хацелася б вас папрасіць, каб Радыё Свабода перастала пэцкацца, беручы інтэрвію ў такіх асобаў, як Ярмошына ці Лазавік. Ці хаця б давайце камэнтары да іхных выказваньняў
Далей у сваім лісьце Васіль Валошка разважае пра тое, ці прызнае вынікі гэтых выбараў Захад. Слухач піша:

Думаю, што ўрэшце Захад іх прызнае, хоць і з многімі агаворкамі. І зроблена гэта будзе ня дзеля Беларусі, а супраць Расеі. І беларускай апазыцыі пасьля гэтага застанецца спадзявацца толькі на сябе, на ўласныя сілы.

А яшчэ хацелася б вас папрасіць, каб Радыё Свабода перастала пэцкацца, беручы інтэрвію ў такіх асобаў, як Ярмошына ці Лазавік. Ці хаця б давайце камэнтары да іхных выказваньняў.

У свой час вы ніяк не маглі разьвітацца з Гайдукевічам — так званым апазыцыянэрам, якога прызначыла на гэтую пасаду ўлада. Спадзяюся, што пасьля ўсяго, што адбылося, больш ён вас не зацікавіць.

Вы зноў на гэта скажаце, што на “Свабодзе” даецца слова ўсім, а слухачы няхай самі аналізуюць. Але калі б людзі самі маглі, умелі, хацелі аналізаваць, дык такога радыё, як ваша, магло б і ня быць.

Можна яшчэ неяк зразумець адурманеных слухачоў, якія тэлефануюць вам. Але палітыкі-лукашысты, якім вы даяце слова, цудоўна разумеюць, што робіцца наўкол. І тым ня менш гавораць супрацьлеглае. Пакідаць іхныя выказваньні без камэнтароў, якія б зрывалі зь іх маскі — значыць дапамагаць ім адурманьваць людзей”, —


— гэтак лічыць Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну.

Наўрад ці магчыма зразумець сутнасьць спрэчкі, канфлікту, супярэчнасьці, калі ня выслухаць усе бакі, якія ў гэтым канфлікце ўдзельнічаюць. Афіцыйныя мэдыі (і асабліва дзяржаўнае тэлебачаньне) так раздражняюць людзей найперш таму, што, ганьбячы на кожным кроку апазыцыю, ніводнаму апазыцыянэру слова не даюць. Гэтым самым тэлеканал ператвараецца са сродку інфармацыі ў сродак прапаганды.

Капіяваць такія мэтады працы Радыё Свабода ня будзе, спадар Валошка. Вы наўрад ці маеце рацыю, калі сьцьвярджаеце, што самі людзі ў сытуацыі разабрацца ня здольныя. Здольныя, але дзеля гэтага яны павінны ведаць праўдзівую інфармацыю і ўсе разнастайныя пункты гледжаньня на тую ці іншую праблему. І давер да інфармацыі ў аўдыторыі будзе толькі тады, калі яна будзе бачыць, што ад яе не хаваюць праўду і не спрабуюць прыхарошыць (ці, наадварот, падаць у чорных колерах) тую ці іншую сытуацыю.


Навіны зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну. Наш даўні сябар Мікалай Бусел знайшоў у сваёй паштовай скрынцы новыя нумары мясцовай самвыдатаўскай газэты “Дуброўскі настрой” і даслаў на адрас “Свабоды”. Адна з нататак — на тэму нечуванага сёлетняга ўраджаю і яго наступстваў. Аўтар піша:

Хоць яго мала хто ў Дуброве прасіў пра гэта, Бог даў нам добры ўраджай. Збожжа зьбіралі болей за 32 цэнтнэры з гектара. Гэта без уліку таго, што марнавалася пад камбайнамі. Збажыны зьбіралі ладнага, але слабым месцам была ейная апрацоўка. Надзвычай нізкі ровень мэханізацыі збожжатоку. Ні пад’ёмнікаў, ні пагрузчыкаў. Любы дождж мачыў збожжа, хоць і спрабавалі накрываць яго...

На таку гаравалі пераважна жанчыны і трохі маладых дзевак. Жанчыны ўсе — пэнсіянэркі і добра рабілі цяжкую працу. Але калі гэта дурная праца скончыцца? Трэба ж дбаць і пра прагрэс.

Пазіраючы на працу пажылых людзей, не-не ды і падумаеш: колькі шчэ вытрымае гэты другасны працоўны рэсурс? Некалі ж павінен скончыцца завод у гэтым мэханізьме. Калгас болей не нараджае сабе рабоў. Дэмаграфічная катастрофа не за Парычамі. Яна — у Церабуліне і Марцінаўцы, у Язьвіне і Вялікім Бары. І ў Дуброве”, —

— гэта было паведамленьне зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну, дасланае нашым сябрам Мікалаем Буселам.

І спадар Мікалай, і многія іншыя нашы аўтары, якія жывуць на вёсцы, зьвяртаюць увагу на тое, што дзяржаўная праграма будаўніцтва так званых аграгарадкоў мала ўплывае на такую дэмаграфічную сытуацыю. Новыя прэзыдэнцкія дамкі часта пустуюць альбо хутка мяняюць сваіх гаспадароў, якіх і гаспадарамі часам назваць не выпадае. Бясплатнае жытло вабіць людзей, але мала хто пагаджаецца працаваць на фэрме і ў полі за мізэрны заробак. А да іншых заробкаў ды іншай эфэктыўнасьці працы калгасная сыстэма не прыстасаваная.

На заканчэньне — ліст, які прыйшоў з Украіны, з Кіева. Яго напісала наша слухачка Зінаіда Скок, якая ўжо доўгі час жыве далёка ад Бацькаўшчыны, але цікавіцца беларускімі падзеямі і параўноўвае іх з тым, што адбываецца ва Ўкраіне. Яна піша:

“Нарадзілася я ў вёсцы Ніз Слонімскага раёну, але ў 71 годзе вымушана была пераехаць у Кіеў. Зь цікавасьцю сачу за тым, як жыве Беларусь, якім шляхам ідзе. Добра, што яна не бярэ прыклад з Украіны. Мяркую, што ва ўсім вінаваты Захад. Яны лічаць магчымым ва ўсё ўмешвацца: без прыгодаў, напэўна, жыць ня могуць.

Шкада, што ў нас ва Ўкраіне ўладу атрымалі тыя, што абслугоўваюць Захад — Юшчанка, Цімашэнка, Літвін, Чырванецкі ды іншыя. У іх такія пляны, каб і Беларусь жыла паводле іхных правілаў. Вельмі хацелася б ім адхіліць ад улады Аляксандра Рыгоравіча, каб і беларусы жылі гэтак жа, як украінцы. Таму і Віктар Януковіч так пацярпеў. А на выбарах я менавіта за яго галасавала. Бо гэтым я галасавала і за Беларусь, за адзінства нашых народаў”, —


— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” пэнсіянэрка Зінаіда Скок з Украіны, з Кіева.

Так, спадарыня Скок, Украіна імкнецца жыць паводле дэмакратычных правілаў. Гэтыя правілы дазваляюць лідэру апазыцыі Віктару Януковічу, якому вы сымпатызуеце, займаць у дзяржаве высокія пасады: спачатку — прэм’ер-міністра, потым — лідэра буйной фракцыі ў парлямэнце.

Ва ўмовах беларускага рэжыму з кіраўнікамі апазыцыі ўлада абыходзіцца зусім па-іншаму. Ніводзін зь іх да парлямэнцкага крэсла і блізка не дапушчаны. Пераважная большасьць прайшла праз прыніжэньні, зьбіцьцё, арышты. А былы супернік Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах — Аляксандар Казулін — вымушаны быў больш як два гады правесьці ў турме і быў вызвалены нядаўна толькі ў выніку вялікага ціску з боку Захаду.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG