Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя кандыдаты дашлюць у ЦВК новыя скаргі


ЦВК прызнала паўнамоцтвы ўсіх 110 дэпутатаў новага складу Палаты прадстаўнікоў. 24 скаргі цяпер ужо былых кандыдатаў у дэпутаты, якія прасілі прызнаць вынікі галасаваньня ў іхных акругах несапраўднымі, ЦВК разглядаць ня стала.


Фармальнай падставай для адмовы ў разглядзе скаргаў, стала тое, што яны пададзеныя так бы мовіць праз галаву. Спачатку трэба зьвярнуцца ў сваю акруговую камісію. І толькі калі яна адмовіць, можна зьвяртацца ў цэнтральную, тлумачыла яе старшыня Лідзія Ярмошына.

Валеры Рыбчанка, які балятаваўся па адзіным сьпісе Аб’яднаных дэмакратычных сілаў у Жлобінскай выбарчай акрузе, напісаў адразу дзьве скаргі: у акруговую і цэнтральную камісіі. Сёньня ён сказаў “Свабодзе”, што акруговая камісія ўжо разгледзела ягоныя дакумэнты:

“Ну, што яны маглі сказаць? Больш пытаньняў, канечне, задавалі мы. А адказаў мы амаль не пачулі, таму што не было чаго адказваць. Напрыклад, мы даказвалі, што на мэталюргічным заводзе людзей гналі на датэрміновае галасаваньне, паказалі камісіі дакумэнты.

Таксама паказалі фотаздымкі, зь якіх бачна, што пячаткі на скрыні датэрміновага галасаваньня адрозьніваюцца. І ў гэтым пытаньні ў іх аргумэнтаў амаль ня было”.

Спадар Рыбчанка кажа, што камісія аднагалосна выказалася за тое, каб адхіліць ягоную скаргу:

“Адказаў ніякіх нам фактычна не далі, а напрыканцы паседжаньня паставілі на галасаваньне пытаньне пра тое, каб адхіліць нашу скаргу. Прагаласавалі аднагалосна, хаця галовы ва ўсіх былі апушчаныя на момант галасаваньня. Рукі паднятыя, а галовы апушчаныя”.

Віктар Хоміч, які быў дэпутатам Вярхоўнага савету Беларусі 13-га скліканьня, упэўнены, што перамогу ў яго скралі. Ён падаў скаргу ў Гомельскую-Юбілейную выбарчую акругу, да якой прыклаў стосы дакумэнтаў. На сёньняшні дзень адсюль спадар Хоміч ніякіх паведамленьняў не атрымліваў.

Афіцыйна Віктара Хоміча падтрымалі 29,75% выбарцаў. Ён жа сказаў “Свабодзе”, што рэальная лічба падтрымкі, паводле падлікаў ягонай выбарчай каманды, складае дзесьці каля 80%. Спадар Хоміч тлумачыць гэта тым, што настрой людзей за апошнія год-два вельмі моцна зьмяніўся:

“Народ сёньня ўжо зусім іншы. Гэта – дзіўна! Дзейнічаюць многія чыньнікі. Але найперш пагаршэньне роўня жыцьця: цэны, льготы, інфармацыйны падман, людзі пачынаюць разумець, што тут нешта ні тое. І ўплывае, безумоўна, стаўленьне да чалавека. Гэта –кантрактная сыстэма,якая задавіла, гэта – хамства чыноўнікаў”.


Наступнае паседжаньне Цэнтральнай выбарчай камісіі заплянаванае на 14 кастрычніка. Магчыма на ім і разгледзяць скаргі пра прызнаньне вынікаў выбараў у некаторых кругах несапраўднымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG