Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Skype кантралююць кітайцы?


Група канадзкіх праваабаронцаў і дасьледчыкаў кампутарнай бясьпекі выявіла ў Кітаі магутную сыстэму, якая можа кантраляваць і архіваваць пэўныя інтэрнэт паведамленьні, якія зьмяшчаюць словы з палітычным сэнсам. Сыстэма адсочвае тэкставыя паведамленьні, якія пасылаюцца кліентамі кампаніі Том-Skype – сумеснага прадпрыемства бяздротавага кітайскага апэратара і кампаніі eBay, уладальніка сеткі Skype.


Такім чынам паўстае пытаньне – ці Skype, які лічыцца бясьпечным сродкам сувязі, таксама можна кантраляваць?
Як піша амэрыканскае выданьне "Іnternational Herald Tribune”, у часе Пэкінскіх Алімпійскіх гульняў кітайскія ўлады паставілі пад татальны кантроль інтэрнэт. Паводле дадзеных праваабаронцаў і дасьледчыкаў, у краіне працавалі болей як 30 тысяч інтэрнэт-паліцыянтаў, якія кантралявалі электронную пошту, вэб-сайты, блогі.

І вось у дадатак да раней вядомага, дасьледчая група з Таронцкага ўнівэрсытэту ў Канадзе ў верасьні выявіла апэрацыю назіраньня за Skype-ам. Дасьледчыкі заявілі, што сыстэма з васьмі кампутараў, якія рэгіструюць паведамленьні, утрымлівала болей як мільён цэнзураваных паведамленьняў. Яны дасьледавалі тэкставыя паведамленьні і выявілі сьпіс ключавых словаў.
У сьпісе – словы, зьвязаныя з рэлігійнай групай Falun Gong, тайваньcкая незалежнасьць, кітайская камуністычная партыя, дэмакратыя і нават такія нечаканыя, як землятрус і сухое малако. Рэч у тым , што кітайскія ўлады крытыкуюцца за няздольнасьць зьмяншаць наступствы землятрусаў і за хімікаты, якія ўтрымлівае кітайскае сухое малако. Сьпіс таксама служыць фільтрам, які абмяжоўвае тэкставыя гутаркі.

Праграмнае забесьпячэньне Том-Skype блякуе перадачу такіх словаў, а копію паведамленьня дасылае ў сэрвэр. Кітайскія сэрвэры захавалі пэрсанальную інфармацыю пра кліентаў, якія паслалі такія паведамленьні. Яны таксама зрабілі запіс гутарак чату паміж карыстальнікамі Том-Skype і карыстальнікамі Skype па-за межамі Кітаю. Сыстэма зрабіла запісы тэкставых паведамленьняў і ідэнтыфікацыі гасьцей кампаніі Skype, але не запісала зьместу галасавых паведамленьняў.

Толькі за два месяцы сэрвэры заархівавалі болей як 166 тысяч цэнзураваных паведамленьняў ад 44 тысяч карыстальнікаў. Дасьледчыкі былі ў стане загрузіць і прааналізаваць копіі гэтых дадзеных сачэньня, бо кітайскія кампутары не належным чынам абароненыя.
Паводле меркаваньня дасьледчыкаў, кіруе гэтай працай нейкая кітайская фірма, магчыма, у цесным супрацоўніцтве з паліцыяй. На думку незалежных экспэртаў, гэта яшчэ адзін вынік кампутарнай вайны, у якой адсочваюцца новыя тэхналёгіі камунікацыяў. Дасягненьні гэтай вайны актыўна выкарыстоўвае кітайскі ўрад, які займаецца татальным сачэньнем за сваім народам.

Кіраўніцтва Skype пакуль не камэнтуе гэтае паведамленьне. Яно толькі падкрэсьлівае, што "бясьпека і прыватнае жыцьцё карыстальнікаў вельмі важныя для кампаніі".

Наша даведка.

Skype
– гэта праграма, якая забясьпечвае бясплатную шыфраваную галасавую сувязь праз інтэрнэт паміж кампутарамі. Гэта – адзін з самых танных і зручных сродкаў сувязі. Ён дазваляе людзям кантактаваць праз інтэрнэт – пісаць паведамленьні і размаўляць з дапамогай мікрафону і навушнікаў, праводзіць аўдыё- і відэаканфэрэнцыі, а таксама злучацца са звычайнай тэлефоннай сеткай. Лічыцца, што Skype забясьпечвае поўную канфідэнцыйнасьць ліставаньня і размоваў.

Кампанія Skype была заснаваная ў 2003 годзе Нікласам Цэнштромам (Niklas Zennström) і Янусам Фрыісам (Janus Friis). У кастрычніку 2005 году кампанія была купленая eBay. Штаб-кватэра компаніі знаходзіцца ў Люксэмбургу.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG