Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У падпольным ліцэі школьнай рэформы ня будзе


Пасьля верасьнёўскіх вакацыяў пачаліся заняткі ў навучэнцаў Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа.


У ліпені-жніўні ліцэісты выяжджалі ў Польшчу, дзе цягам апошніх гадоў у розных гарадах краіны традыцыйна праходзіць летняя сэсія.
Ліцэй выйшаў на стабільны ўзровень дзейнасьці ў тых умовах, у якія нас паставілі

У Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа за парты селі больш за паўсотні навучэнцаў. Яны па-ранейшаму вучацца ў падпольлі.

Летась быў першы выпуск ліцэістаў “партызанскай школы”, якія цалкам адвучыліся ў экстрэмальных умовах. Пасьля пэрыяду некаторай няпэўнасьці запатрабаванасьць ліцэю ў грамадзтве аднавілася. Цяпер гэта практычна адзіная ў Беларусі школьная ўстанова, дзе няма навязанай дзяржаўнай ідэалёгіі.

Ада Райчонак і Ўладзімер Колас

Распачатая ў аўральным парадку рэформа сярэдняй адукацыі, па словах дырэктара ліцэю Ўладзімера Коласа, пройдзе для калектыву без балючых наступстваў:

“У нас ніякіх рэформаў у гэтым годзе не прадбачыцца. Ліцэй выйшаў на стабільны ўзровень дзейнасьці ў тых умовах, у якія нас паставілі. Тым ня меней вынікі выпускных іспытаў, здачы іспытаў экстэрнам, вынікі паступленьняў, тэставаньняў нашых выпускнікоў паказваюць, што ўзровень адукацыі ў нас застаўся высокі. Са зразумелых прычын у нас няма зараз высокага конкурсу, няма такой канкурэнцыі, таму мы бярэм дзяцей такіх, якія, можа, у мінулыя гады і не прайшлі б у ліцэй. Але на працягу курсу навучаньня яны выходзяць на вельмі добры ўзровень, падцягваюцца. Бо ліцэй традыцыйна выстаўляў адзнакі, якія адпавядаюць сапраўднаму ўзроўню ведаў. Гэта ня школа, не ўраўнілаўка і не нацягваньне адзнак дзеля нейкіх паказьнікаў”.

4 кастрычніка ў Беларусі будзе адзначацца Дзень настаўніка. Нягледзячы на апалу з боку дзяржавы, у ліцэі выкладаюць прафэсіяналы, адна прысутнасьць якіх зрабіла б гонар любой навучальнай установе: Пятро Садоўскі, Лявон Баршчэўскі, Алег Трусаў, Андрэй Хадановіч, Валянцін Голубеў, Міхась Тычына, Уладзімер Дзіско ды іншыя. Асаблівы ліцэйскі дух падтрымлівае і кіраўніцтва — Уладзімер Колас і Ірына Сідарэнка. Напярэдадні прафэсійнага сьвята выкладчыкаў павіншавалі ліцэісты і сябры бацькоўскай рады.

У спадара Коласа цікаўлюся — а ці будуць у агляднай будучыні спробы легалізавацца ў Беларусі?

"Спробы былі. Усе ведаюць, што такое зарэгістраваць не санкцыянаваную рэжымам арганізацыю — установу ці школу. Створаныя такія ўмовы, вяртаецца нейкае тэлефоннае права, чорныя сьпісы, у якія заносяць пэўных асобаў, пэўныя ўстановы. Таму гэта проста марнаваньне часу. Мы ўжо праз гэта прайшлі. І пакуль не адбудуцца істотныя зьмены, карэнная нармалізацыя сытуацыі ў Беларусі, калі праўда, справядлівасьць, аб’ектыўнасьць, сумленнасьць, навуковасьць ня вернуцца ў сыстэму адукацыі, да таго часу мы ня бачым сябе ў сучаснай сыстэме, якая адбудаваная ў нашай дзяржаве”.

У 2003 годзе на загад Міністэрства адукацыі па-за законам апынуўся папулярны Беларускі гуманітарны ліцэй, у якім міністэрскія кантралёры знайшлі занадта шмат апазыцыйнасьці. І хоць былі прапановы легалізавацца за мяжой, адміністрацыя ліцэю вырашыла працягнуць дзейнасьць фактычна ў падпольлі. Недахоп цывілізаваных умоваў на радзіме некалькі разоў на год кампэнсуецца магчымасьцю навучацца ў аналягічных установах падчас выязных сэсіяў, перадусім у Польшчы і Літве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG