Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіным падаткам супраць шэрых схемаў


Сёньня Палата прадстаўнікоў трэцяга скліканьня на сваёй апошняй сэсіі прыняла ў першым чытаньні зьмены да падатковай сыстэмы. Прапануецца з 2009 году ўвесьці адзіны для ўсіх працоўных памер падаходнага падатку. Ён будзе складаць 12% ад заробку.

Прадстаўляў законапраект новы міністар фінансаў Андрэй Харкавец. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе Мікалая Корбута, які перанёс цяжкі інсульт. Спадар Харкавец спачатку нагадаў, што цяпер у краіне дзейнічае дыфэрэнцыяваны падаходны падатак. Найбяднейшыя плацяць 9% ад заробку, самыя заможныя — 30%.
Міністар таксама паведаміў: праект новага закону паступіў з прэзыдэнцкай адміністрацыі, а кіраўнік краіны асабіста выступае за спрашчэньне падатковай сыстэмы. Андрэй Харкавец адзначыў:
“Паводле схемы, якая прапануецца, падатак будзе плаціцца ў памеры 12%. Гэтая стаўка будзе стасавацца да прыбыткаў грамадзянаў, якія яны атрымліваюць як на асноўнай працы, так і ў іншых арганізацыях”.
Міністар фінансаў паведаміў, што ў індывідуальных прадпрымальнікаў стаўка падатку будзе большай:
“Адносна прыбытку індывідуальных прадпрымальнікаў прапануецца ўсталяваць адзіную стаўку падаходнага падатку ў памеры 15%. Сярэдняя стаўка падаходнага падатку ў індывідуальных прадпрымальнікаў цяпер склалася ў памеры 16,3%”.
Старшыня камісіі прамысловасьці, паліўна-энэргетычнага комплексу, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтва Анатоль Паўловіч сказаў “Свабодзе”, што новая падатковая сыстэма — гэта станоўчы крок:
“Гэта ж усё робіцца дзеля таго, каб выйсьці з шэрых схемаў, каб даць магчымасьць бізнэсу адысьці ад заробкаў у канвэртах. Пра гэта неяк не прагучала ў дакладзе з трыбуны. Але гэтая мера — крок да вырашэньня пытаньня, якое стаіць перад грамадзтвам. Паглядзіце, колькі замежных аўто на беларускіх дарогах, а 98% працоўных плацяць падатак у памеры ад 9 да 12% ад заробку. Значыць, у казну не паступае вялікая колькасьць грошай.
Празь нейкі час мы паглядзім, да чаго прывядзе новы закон — атрымалася адыйсьці ад шэрых схемаў і навесьці парадак ці не? Я бачу асноўнае ў гэтым”.
Спадар Паўловіч паведаміў таксама, што дэпутаты правялі раней так званы нулявы разгляд гэтага законапраекту. На ім дамовіліся, што будзе павялічана зь цяперашніх 35 тысячаў да 250 тысячаў сума заробку, якая ня будзе абкладацца падаходным падаткам. Але скарыстаць такі прывілей змогуць толькі тыя, чый сярэднямесячны прыбытак ня будзе перавышаць паўтара мільёна рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG