Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка чакае ад Эўропы большага


На сустрэчы зь віцэ-сьпікерам Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, кіраўніцай місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЭ Ан-Мары Лізэн Аляксандар Лукашэнка заявіў, што чакае адмены ўсялякіх санкцый. Таксама ён паабяцаў працаваць над памылкамі.

Адносна таго, што місія АБСЭ не прызнала вынікі выбараў адпаведнымі стандартам АБСЭ, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што і не чакаў рэвалюцыйных прызнаньняў:

“Мы, канечне ж, чакаем ад вас большага, чым вы сказалі папярэдне. Нягледзячы нават на тое, што на вас будзе рабіцца вельмі жорсткі ціск з боку асобных сяброў АБСЭ. Так здарылася, што ад вашага слова будзе многае залежаць у разьвіцьці Эўропы. Бо нельга сёньня праігнараваць Беларусь, якая знаходзіцца ў вашым сэрцы, у цэнтры Эўропы”.

Аляксандар Лукашэнка чакае ад эўрапейцаў пачатку “нармальнага палітычнага дыялёгу” і адмены ўсялякіх санкцый. Маўляў, калі ў палітычным і эканамічным супрацоўніцтве Эўропа зробіць два крокі, то афіцыйны Менск зробіць пяць. Аднак беларускі бок ня пойдзе на пагаршэньне стасункаў з Расеяй дзеля паляпшэньня стасункаў з Эўразьвязам. Таксама А.Лукашэнка папрасіў не дэманізаваць ягоныя выказваньні і паабяцаў працаваць над памылкамі.

Ан-Мары Лізэн заявіла, што сёньняшнія стасункі Беларусі з Эўропай “знаходзяцца ў той стадыі, калі яны могуць быць палепшаныя”. Аднак у Эўрапейскім зьвязе 27 краінаў, і 10 зь іх маюць іншую пазыцыю. Таму трэба прыкласьці намаганьні для выпрацоўкі агульнага погляду адносна Беларусі. Паводле спадарыні Лізэн, эўрапейцы робяць так, “каб дзьверы заставаліся адчыненымі, каб была магчымасьць для дыялёгу”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG