Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіянальныя лідэры камэнтуюць вынікі выбараў


Сёньня апазыцыйныя палітыкі ў рэгіёнах абмяркоўваюць вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў. На гэтыя сустрэчы былі запрошаныя назіральнікі ад АБСЭ. Таксама абмяркоўваліся тэксты скаргаў у Цэнтравыбаркам пра шматлікія парушэньні Выбарчага кодэксу.


“Мы выкарысталі крышку больш свабоды”

Намесьнік старшыні БСДП (Грамада), кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі гэтай партыі Ігар Маслоўскі балятаваўся ў дэпутаты па Берасьцейскай-Усходняй выбарчай акрузе № 3. Ад байкоту выбараў адмовіўся. І сёньня лічыць, што гэта было правільнае рашэньне.

“Мы скарысталі больш свабоды. Мы скарысталі выступы па радыё і тэлевізіі, “круглы стол”, які надрукавалі дзяржаўныя газэты. У нас была магчымасьць праводзіць вулічныя пікеты.

Людзі пабачылі, што апазыцыя змагаецца за простага чалавека. Усе нашы дзеяньні дадалі 10—20% галасоў.

Ну, а на фінішы, канечне, усё адбылося як заўсёды”.

“Апазыцыя падыграла рэжыму”

Гомельскі рэгіянальны лідэр АГП Уладзімер Кацора адным зь першых сярод лідэраў апазыцыі заявіў пра байкот выбараў. Галоўнай прычынай гэтага сталася тое, што толькі 7 сябраў апазыцыі былі ўключаныя ў склад участковых камісіяў.

Сёньня Ўладзімер Кацора кажа:

“Здарылася тое, што мусіла здарыцца. У мяне не было сумневу, што менавіта так і будзе. Таму мы пасьлядоўна прапаноўвалі ўсёй апазыцыі стратэгію, каб горшага не адбылося. Каб годна выйсьці з такой сытуацыі.

Цяпер нават ня хочацца пераконваць, што менавіта мы мелі рацыю, а іншыя — не. Як той казаў, пасьля бойкі кулакамі не махаюць. Але відавочна, што на гэтых выбарах апазыцыя падыграла рэжыму”.

“Ня можам прыняць вынікі гэтых выбараў”

Сяргей Антусевіч, сябра БНФ, кіраўнік Незалежнага прафсаюзу акцыянэрнага таварыства “Гродна Азот” у Гарадзенскай Цэнтральнай выбарчай акрузе № 50 набраў больш за 23 % галасоў:

“Натуральна, што мы ня можам прызнаць вынікі гэтых выбараў, паколькі зафіксавана мноства парушэньняў — асабліва падчас падліку галасоў. Такія факты ёсьць на ўсіх участках, дзе прысутнічалі нашы назіральнікі. Таксама зафіксаваны факты прымусовага датэрміновага галасаваньня. Акрамя таго, ёсьць сьведчаньні назіральнікаў ад улады, якія ў мінулую нядзелю яшчэ ў 14 гадзін ужо падпісвалі акты, што выбары прайшлі без парушэньняў”.

“Для дзейнасьці апазыцыі — поле агромістае”

Кандыдат ад АДС, былы кіраўнік камунальнай гаспадаркі Шклова Рыгор Кастусёў перадусім кажа, што, насуперак паведамленьню ЦВК, вынікі галасаваньня ў Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 яшчэ не падсумаваныя:

“Сябра гэтай выбарчай камісіі Пятро Мігурскі выявіў факты здачы пратаколаў з участковых камісіяў не запоўненымі альбо запоўненымі алоўкам. Па гэтым пытаньні прызначана паседжаньне акруговай камісіі на 17:00.Для дзейнасьці апазыцыі — поле агромістае. За час выбарчай кампаніі я сустрэўся з тысячамі нашых жыхароў. Ведаеце, людзі да такой ступені зацюканыя афіцыйнай прапагандай. Іншай інфармацыі людзі ня чулі цягам некалькіх апошніх гадоў. Таму я адназначна ўпэўнены, што нам, прадстаўнікам розных партыяў, трэба ісьці да людзей. Трэба ехаць, бо ў некаторых месцах пра нас ужо забыліся”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG