Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парэчча: Скірмунт у кожнай гаворцы згадваецца


Чарговае “Падарожжа Свабоды” — у вёску Парэчча Пінскага раёна.


Раман Скірмунт — адна з найбольш знакавых фігур беларускай палітыкі пачатку ХХ стагодзьдзя. Шляхціч, буйны землеўладальнік, ён быў абраны дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расейскай Імпэрыі ў 1911 годзе. Але як толькі для беларускага народа зьявіўся шанец здабыць дзяржаўнасьць, Раман Скірмунт узначальвае Беларускі народны камітэт. Прымаючы самы непасрэдны ўдзел у стварэньні БНР, Скірмунт узначальвае ўрад новай дзяржавы. У міжваенным часе палітык жыў у сваім родным Парэччы. Дзе пакінуў пра сябе славу добрага пана, які заўжды прыйдзе на дапамогу. У кастрычніку 1939 году Скірмунта ў сваёй жа вёсцы забілі суседзі-сяляне.

У Парэчча я ехаў у кампаніі зь пінскімі калегамі, грамадзкім дзеячам Аляксандрам Рамановічам і журналістам Віктарам Ярашуком. На ўскраіне вялікай вёскі разьлёгся вялікі парк. Калі ўвайсьці ў яго з заходняга боку, літаральна празь дзясятак крокаў сьцежка выведзе вас да маленькага пагосту, які складаецца з брацкай магілы польскіх легіянэраў і магілы Скірмунтавых сваякоў. Магіла прэм’ер-міністра — крыху воддаль. Высокі драўляны крыж вянчае бел-чырвона-белая стужка. Слова Віктару Ярашуку.

Віктар Ярашук


Ярашук: “Гэтая традыцыя пінская існуе больш за дзесяць гадоў. Кожны год прыяжджаюць людзі сюды. Менавіта на Дзень Волі. Першыя гады прыходзіла вельмі шмат мясцовых людзей. На жаль, апошнія гады людзі баяцца бел-чырвона-белых сьцягоў, падыходзяць адзінкі. А раней тут зьбіралася даволі многа людзей”.

Карэспандэнт: “Далучаліся да сьвята ці?..”

Ярашук: “Больш да Скірмунта. Старыя людзі, якія памяталі яго, казалі толькі добрае. Калі быў дрэнны год, заўсёды можна было прыйсьці да Скірмунта, ён дапамагаў. І ў 39-м, як людзі расказвалі”.

Магілу, як высьветлілася, у спакоі не пакідаюць аж да сёньня. Гаворыць Аляксандар Рамановіч.

Рамановіч: “Першага сакавіка на тым крыжы была павешана шыльда. На якой была напісаная біяграфія Скірмунта. І ў канцы была прыпіска “Раман Скірмунт — сумленьне і незалежнасьць Беларусі”. Дык вось я сёньня бачу, што гэтай шыльды няма. Толькі засталіся дзіркі ад цьвікоў. Каму гэта патрэбна было — невядома”.

Ці не забыліся на Рамана Скірмунта старыя жыхары Парэчча? З задачаю высьветліць гэта я пайшоў шпацыраваць па вёсцы. Старых людзей, якія памятаюць самога Скірмунта, у Парэччы засталося ўсяго двое. Гэта Ганна і Павал Пракопчыкі. Абаім пад восемдзесят. Сямейная пара сядзела на прызьбе, цешачыся сонечным надвор’ем.

Ганна і Павал Пракопчыкі


Стары: “Бацька ў пана быў парабкам”.

Карэспандэнт: “І як? Паважалі?”

Старая: “О! Пан быў залаты чалавек. Хто да яго зьвяртаўся, ён усім дапамагаў”.

Карэспандэнт: “А як дапамагаў?”

Старая: “Зерне даваў. Каровы дапамагаў купляць. Летам рабіў пры школе садзік. На летні сэзон. Гэта ўсё бясплатна. Я сама хадзіла тры месяцы”.

Карэспандэнт: “І што вы там рабілі?”

Старая: “Хадзілі на выцечку. У лес, у поле”.

Карэспандэнт: “А вы яго бачылі, самога Рамана Скірмунта?”

Старая: “Бачыла. Высокі, харошы”.

Карэспандэнт: “Трымаўся важна…”

Старая: “Просты чалавек. Не гаварыў па-руску, ні па-польску”.

Карэспандэнт: “Ён гаварыў, як людзі?”

Старыя: “Так. Ой, пан добры быў”.

Карэспандэнт: “І гэтага добрага пана…”

Старая: “Узялі і забілі. Замардавалі. Свае мужыкі”.

Карэспандэнт: “Вы мне можаце гэта растлумачыць?”

Старая: “Ну, прыйшла Савецкая ўласьць. Паноў далоў. Мы яго заб’ем, зямлю забярэм ды будзем панамі”.

Стары: “А як прыйшла Савецкая ўлада — работайце ў калгасе, а не панамі будзеце”.

Карэспандэнт: “І гэтыя забойцы жылі тут? А як да іх ставіліся людзі? “Добры дзень” казалі?”

Старая: “Канечне. Яны ж былі пры ўладзі. А пасьля, як прыйшлі немцы, іх пабілі. Пастралялі. За пана”.

Карэспандэнт: “Пастралялі свае вяскоўцы?”

Стары: “Немцы”.

Раман Гур’янчык, сямідзесяцігадовы высокі, моцны селянін, захоўвае пра Скірмунтаў усё, што можа захаваць. Успаміны бацькі, які быў зь беларускім палітыкам у добрых стасунках. Здымкі таго Парэчча, з палацам і касьцёлам, якое зьнікла назаўжды. Пра Скірмунта спадар Гур’янчык гаворыць як пра вельмі знаёмага чалавека, які толькі нядаўна пайшоў з жыцьця.

Раман Гур’янчык


Гур’янчык: “Гультаёў не любіў. Бацька мой, нябожчык, рабіў у яго. І на полі рабіў, і на фабрыцы рабіў. У яго тут цукровы завод быў, сьпіртзавод, фабрыка сукна, млын вадзяны, касьцёл прыгожы. Тут гарадок быў красівы”.

Карэспандэнт: “Лепш за аграгарадок”.

Гур’янчык: “Была школа. Бальніцу пабудаваў”.

Карэспандэнт: “А ў бальніцы лячыліся сяляне?”

Гур’янчык: “Усіх лячыў”.

Карэспандэнт: “А што бацькі гаварылі пра людзей, якія яго забілі?”

Гур’янчык: “Былі такія. Качук, Салавей. Гэта такія лодыры былі. Людзі хацелі выступіць, ня даць. Але баяліся, як яго вялі. Як яго стралялі, Салавей сказаў: “Адвярніся, страляць буду”. — “Я ад людзей не адварочваўся”.

Са спадаром Гур’янчыкам мы паехалі за Парэчча, у недалёкі дзіцячы лягер. Дрэвы ў гэтым летніку пасаджаныя рукой былога гаспадара, які меўся тут будаваць новы палац.

Гур’янчык: “Там, дзе палац яго стаяў, шумна было з дарогі. Ён тут падмурак заліў палаца новага. Гэтыя дубы, яліны, гэта яго насаджэньні. Там меўся палац быць”.

Адна рэч, калі сяляне згадваюць свайго пана добрым словам, але іншая, калі пра яго складаюць легенды. Гэта ўжо вышэйшая ступень удзячнасьці.

Гур’янчык: “Калі пажар у Парэччы, яго прывозяць ці ён сам прыяжджае. Кругом тры разы абыйдзе, і пажар сьціхае. Малітва Божая ў яго такая была. Гэта мне ўсё бацька расказваў. Вельмі добры чалавек быў. А гэты, які яго страляў, вельмі мучыўся. І ўся радня ягоная зьнішчылася. Нідзе нікога не засталося”.

Мы яшчэ раз завіталі на магілу палітыка.

Раман: “Тут склеп. І ён тут пахаваны. Тут мой бацька яго хаваў. У склеп замуравалі. Яго ж ня тут застрэлілі. Яго прывезьлі”.

Карэспандэнт: “А калі прывезьлі?”

Раман: “Ужо на другі дзень. Яго гальлём закідалі ды ляжаў ён там. А людзі забралі і прывезьлі сюды. І пахавалі тут”.

Ад усёй архітэктурнай і гаспадарчай спадчыны Скірмунтаў у Парэччы захаваўся толькі былы бровар, які даўно пераабсталяваны пад крухмальны завод. Сваімі чырвонымі сьценамі былой якаснай цэглы ён і сёньня глядзіцца сапраўдным замкам.

Колішні бровар, пераабсталяваны пад крухмальны завод



Перад заводам расьце высачэзнае, экзатычнае для нашых краёў, тульпанавае дрэва — як памяць пра несавецкую Беларусь. Ад самога ж Скірмунтавага палаца не засталося і знаку. На тым месцы даўно стаяць калгасныя хаты. З адной з жыхарак я разгаварыўся пра тое, як сёньня жыве Парэчча.

Кабета: “Хто з калгаса жыве, хто зь лякарні, хто з крухмальнага”.

Карэспандэнт: “Не памірае вёска?”

Кабета: “Жыве. У нас жа гэты куточак увесь малады. Тут дзеткі, вясельлі, адправіны. Там ужо старая вёска”.

Карэспандэнт: “А моладзь будзе памятаць пра Скірмунта?”

Кабета: “Таму што гэта ў памяці ў кожнага. Таму што гэта на языку ў кожнага. У кожнай гаворцы згадваецца: “А пры Скірмунту…” Нават дзеткі ведаюць, што тыя могілкі — Скірмунта, тут фабрыка Скірмунта, а тут быў палац”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG