Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская АЭС да зімы застанецца бяз адрасу


Дзяржаўная камісія не прыняла ў аўторак рашэньня па выбары пляцоўкі для будаўніцтва АЭС у Беларусі.


На паседжаньні камісіі толькі разгледзелі, як ідзе працэс выбару пляцоўкі ды заслухалі даклады арганізацый, якія вядуць там вышукальныя працы. Пра гэта паведаміла журналістам прэсавая сакратарка міністэрства энэргетыкі Людміла Зяньковіч.

У выніку вышукальніцкім службам даручылі працаваць актыўней ды падрыхтаваць высновы для таго, каб у сьнежні 2008 году можна было прыняць рашэньне й падпісаць выніковыя дакумэнты па выбары ўчастку для АЭС.

Спадарыня Зяньковіч падкрэсьліла, што апошнім тэрмінам для выбару пляцоўкі вызначана 1 сьнежня.

Усе пляцоўкі добрыя, але ёсьць “асобныя цяжкасьці”
У Беларусі разглядаюцца тры пляцоўкі для будаўніцтва — Краснапалянская й Кукшынаўская ў Магілёўскай вобласьці, а таксама Астравецкая ў Гарадзенскай вобласьці.

На ніводнай з гэтых трох пляцовак няма чыньнікаў, якія б перашкодзілі будаўніцтву: ні гідралягічных, ні сэйсматэктанічных, ні зьвязаных з устойлівасьцю грунтаў. Паводле слоў навукоўцаў, асобныя “цяжкасьці”, якія выявіліся, можна вырашыць з дапамогай інжынэрных мэтадаў.

Згодна з патрабаваньнямі МАГАТЭ, перш чым будаваць АЭС, трэба падабраць сама меней дзьве аднолькава прыдатныя для электрастанцыі пляцоўкі.

Распачаць падрыхтоўчыя працы на выбранай пляцоўцы плянуецца ўжо пры канцы гэтага году або на пачатку наступнага. Будоўлю самой станцыі мяркуюць пачаць пры канцы наступнага году, калі будзе гатовае тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне.

Паводле розных ацэнак, кошт праекту можа скласьці 4—6 мільярдаў даляраў. Увод першага блёку прызначаны на 2016 год, другога — на 2018 год, паведамляе Інтэрфакс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG