Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі спадзяюцца атрымаць доступ да падліку галасоў


Сёньня Гэрт-Генрых Арэнс — Кіраўнік місіі назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ даў эксклюзіўнае інтэрвію нашаму радыё.


У другой прамежкавай справаздачы, якую місія абнародавала на мінулым тыдні, сьцьвярджаецца, што Цэнтральная выбарчая камісія дагэтуль не адказала на пытаньне аб правах назіральнікаў пры падліку бюлетэняў. Таму мяне найперш цікавіла, ці працягваецца дыялёг на гэтую тэму зь беларускімі ўладамі.

Адказваючы беларускай “Свабодзе”, амбасадар, у прыватнасьці, адзначыў:

“Дастатковы доступ да падліку галасоў — асноўная ўмова для пасьпяховай працы нашай місіі. Таму перамовы на гэтую тэму вяліся ўжо з чэрвеня, калі Менск наведала ацэначная група БДІПЧ. Гэтыя перамовы працягваліся да канца мінулага тыдня. І зараз нам застаецца толькі чакаць, да чаго прывядуць гэтыя перамовы ў дзень выбараў”.

Прадстаўнікі апазыцыі ўжо кажуць, што гэтыя выбары ня будуць дэмакратычнымі, празрыстымі і свабоднымі.Таму цікава было пачуць думку кіраўніка місіі, ці можна ўжо сёньня рабіць такія высновы альбо трэба дачакацца правядзеньня галасаваньня.

Амбасадар Арэнс сказаў, што ад апазыцыйных палітыкаў паступае шмат скаргаў. І іхнія канкрэтныя праблемы цікавяць місію больш за, так бы мовіць, глябальныя ацэнкі, якія імі выказваюцца. Місія праводзіць назіраньне, робіць сваю працу:

“Хаця, зразумела, мы ня можам даць агульную ацэнку ўсім выбарам да дня галасаваньня”, — сказаў кіраўнік місіі.

Акрамя назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, выбарчую кампанію ў Беларусі адсочваюць і назіральнікі СНД. Гэта дае падставу спытаць амбасадара Арэнса пра тое, ці супрацоўнічаюць дзьве місіі паміж сабою, а таксама — чаму справаздачы дзьвюх місіяў на постсавецкай прасторы кардынальна адрозьніваюцца?

Спадар Арэнс адказвае:

“У нас усталяваліся досыць сяброўскія стасункі зь місіяй СНД. У нашым офісе я сустракаўся з кіраўніком штабу місіі назіральнікаў СНД спадаром Айдаравым. Потым была сустрэча на ўзроўні экспэртаў у місіі назіральнікаў ад СНД. А таксама ў мяне ёсьць дамоўленасьць сустрэцца ў дзень выбараў з кіраўніком місіі назіральнікаў СНД спадаром Лебедзевым.

Перш чым казаць пра тое, чаму так адрозьніваюцца справаздачы дзьвюх місіяў, хацеў бы адзначыць, што АБСЭ — не заходняя арганізацыя. Гэта — усеэўрапейская арганізацыя, а таксама і паўночнаамэрыканская. І ўсе краіны СНД — таксама сябры АБСЭ. І можна казаць, што СНД і АБСЭ знаходзяцца ў сяброўскіх стасунках. А ў дыпляматычнай практыцы няма правіла ацэньваць паводзіны іншай дружалюбнай арганізацыі. Такім чынам, вы можаце запытаць мяне: “чаму, на якіх падставах вы заяўляеце тое, што заяўляеце?” Але калі вы хочаце ведаць, чаму місія СНД прыходзіць да тых высноваў, да якіх яна прыходзіць, вам трэба запытаць пра гэта спадара Лебедзева альбо спадара Айдарава”.

Я нагадаў амбасадару Арэнсу, што ён ачольваў місію назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі ў 2006 годзе. Таму лягічна спытацца, ці можна казаць, што сёлета ў выбарчым працэсе назіраецца прагрэс параўнальна з тымі выбарамі?

Кіраўнік місіі адказаў, што гэтае пытаньне выглядае для яго складаным:

“Цяжка параўноўваць дзьве выбарчыя кампаніі. Асабліва калі ўлічваць, што прэзыдэнцкая кампанія праводзіцца на агульнанацыянальным узроўні. Парлямэнт — гэта таксама агульнанацыянальная ўстанова. Але ж гэтыя выбары праходзяць усё ж у рэгіёнах, у 110 акругах, дзе абіраюцца 110 дэпутатаў. І таму спэцыфіка парлямэнцкіх выбараў праяўляецца ў яе лякальным характары. Дарэчы, падчас маёй сустрэчы са спадаром Зімоўскім, старшынём Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, ён нагадаў мне якраз пра гэты аспэкт. І менавіта з гэтай прычыны 5-хвілінныя выступы кандыдатаў у дэпутаты ішлі не на Першым канале, а на драбнейшых”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG