Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: зьбіты незалежны кандыдат Андрэй Левінаў


Андрэй Левінаў, які балятуецца па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19, паведаміў Радыё Свабода, што сёньня ўвечары ў пад’езьдзе ўласнага дому на яго напаў невядомы мужчына.

Напад быў ззаду, Андрэй Левінаў моцна выцяўся галавой аб сьценку. Ад невядомага ён пачуў некалькі слоў, нешта накшталт “можа, табе яшчэ ня позна зьняцца з выбараў”.

Андрэю Левінаву давялося зьвярнуцца да мэдыкаў, якія зафіксавалі наяўнасьць цялесных пашкоджаньняў. Але заяву ў міліцыю незалежны кандыдат пакуль што не падаваў: ён ня пэўны, што супрацоўнікі будуць шукаць ягоных крыўдзіцеляў.

Спадар Левінаў адзначае, што гэты напад – самая жорсткая праява з боку тых, хто зь нейкіх прычын не задаволены ягоным вылучэньнем. Што да іншых выбарчых праблем, то яны ў яго такія самыя, як і ў іншых дэмакратычных кандыдатаў – перадусім зьвязаныя зь цяжкасьцямі агітацыйнай кампаніі. Да прыкладу, сёньня ў Кастрычніцкім райсудзе ён спрабаваў абскардзіць забарону на правядзеньне агітацыйных пікетаў у розных раёнах гораду. Намесьнік начальніка старшыні гарвыканкаму Павел Лосіч, які падпісаў адмову, у суд не зьявіўся. Судзьдзя Натальля Хількевіч прызнала забарону гарвыканкаму слушнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG