Праз два месяцы ў яго паўвекавы юбілей. У 1982 -м скончыў радыёфізічны факультэт, у 1995-м – юрфак Белдзяржуніверсітэта.Напрыканцы савецкае эпохі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, увайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы – першай дэмакратычнай парлямэнцкай апазыцыі ў СССР. Працаваў разам з Андрэем Сахаравым, Барысам Ельцыным, Анатолем Сабчаком, Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам. У Вярхоўным Савеце Беларусі 13-га скліканьня абіраўся старшынём падкамісіі па сродках масавай інфармацыі і сувязях з грамадзкімі аб’яднаньнямі. Сябра Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У 1990 г. быў адным зь ініцыятараў стварэння Аб'яднанай дэмакратычнай партыі (АДПБ) – першай зарэгістраванай у Беларусі апазіцыйнай палітычнай партыі. У 1992-м – заснавальнік Незалежнага Інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаваньняў. Цяпер ён – дырэктар Усходнеэўрапейскай Школы палітычных даследаваньняў.
Вось некаторыя адказы Аляксандра Дабравольскага на пытаньні слухачоў РадыёСвабоды:
…Крызіс у апазыцыі ёсьць, але гэта ня значыць, што мы ня разам. Галоўная прычына, мне здаецца, у тым, што пакуль няма агульнага разуменьня, што разам трэба рабіць.
…Расколы зьнікнуць, калі зьнікне напружанасьць у грамадзтве, якая выклікана пошукам ворагаў.
Расколы зьнікнуць, калі зьнікне напружанасьць у грамадзтве, якая выклікана пошукам ворагаў
…Зянон Пазьняк шмат зрабіў для таго, каб Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Пры гэтым не магу пагадзіцца з тым, што ён гаворыць зараз пра ўсіх удзельнікаў дэмакратычнага руху.
…Як я стаўлюся да ідэі замены Анатоля Лябедзькі ў якасьці лідэра АГП? Калі ў вас ёсьць такая думка, зь якой я нязгодны, але прызнаю права на тое, каб яна ў вас была, то ёсьць нармальны шлях дасягненьня гэтай мэты – ўступіць у партыю і загітаваць яе сяброў абраць новага старшыню. Пакуль жа даверам карыстаецца Анатоль Лябедзька, ён таксама карыстаецца і маёй падтрымкай.
…Я лічу, што ў Расеі ёсьць шмат прыхільнікаў беларускай дэмакратыі, і трэба зь імі працаваць, нягледзячы на тое, што ў цэлым Расея праводзіць шавіністычную палітыку ў дачыненьні да Беларусі.
…Чытаць люблю Быкава, Караткевіча. Цікавыя новыя работы Васіля Якавенкі. З маладых падабаецца Андрэй Федарэнка. У паэзіі – невялікі знаўца, але з задавальненьнем чытаю Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Алеся Пісарыка, Анатоля Сыса.
…Я думаю, што беларускі народ гэта ня штосьці аднастайнае, і людзі думаюць па-рознаму ўжо зараз. Пытаньне ў тым, калі яны будуць прымаць рашэньні на падставе праўдзівай інфармацыі. Дзеля гэтага шмат чаго трэба зрабіць, у першую чаргу - рабіць інфармацыйныя праекты, якія зараз распрацаваны для Беларусі, эфэктыўнымі, каб людзі ведалі праўду, тады яны будуць думаць інакш.
…Я лічу, што беларуская мова павінна быць галоўнай у беларускай дзяржаве, але гэтае пытаньне трэба вырашаць вельмі і вельмі акуратна. У нас ужо быў такі прыклад, калі вялікае жаданьне вярнуць беларусам сваю мову сутыкнулася зь неразуменьнем шмат якіх людзей, і мы страцілі падтрымку гэтых людзей. Зараз гэта проста немагчыма зрабіць. Па-першае, трэба забясьпечыць права кожнаму чалавеку гаварыць на той мове, на якой ён хоча, а па-другое, трэба патрабаваць таго, каб дзяржаўныя служачыя, якія працуюць у органах дзяржаўнай улады, ведалі беларускую мову і адказвалі на звароты грамадзянаў на той мове, якая зьяўляецца дзяржаўнай.