Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмсілы не ідуць на байкот


Байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня з боку аб’яднаных дэмакратычных сілаў ня будзе.


Гэта выцякае з рашэньняў, якія прынялі сёньня ўдзельнікі паседжаньня Палітрады і кандыдатаў у дэпутаты ад адзінага сьпісу АДС.

На апошнім этапе выбарчай кампаніі пастаўленыя тры задачы. Першая -- сканцэнтраваць высілкі на арганізацыю кантролю за падлікам галасоў выбарнікаў, каб прад’явіць доказы фальшаваньня вынікаў. Другая -- у тых выбарчых акругах, дзе ў бюлютэнях няма дэмакратычных кандыдатаў, праводзіць працу на не ўдзел выбарнікаў у галасаваньні. Трэцяя --заклікаць выбарнікаў правесьці 28 верасьня акцыі пратэсту супраць неўключэньня прадстаўнікоў дэмсілаў у выбарчыя камісіі і фальшаваньня вынікаў галасаваньня.

Паседжаньне заняло ўсяго паўгадзіны. Анатоль Лябедзька, які старшыняваў сёньня, тлумачыць гэта так:

«Гэта азначае толькі адно – перад прыняцьцём рашэньня была доўгая-доўгая дыскусія. На ёй гучалі аргумэнты як «за», так і «супраць». Яна скончылася, і зьявілася рашэньне. Яно было абгаворана спачатку лідэрамі галоўных палітычных структураў, пасьля прынятае на прэзыдыюме Палітрады АДС. Гэтыя два сіты і дазволілі прыняць рашэньне за вельмі сьціслы час».

Удзельнік сёньняшняга паседжаньня Ігар Рынкевіч агучыў інфармацыю пра тое, што нібыта старшыня Менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў правёў нараду на выбарчую тэму. Пастаўленая задача, каб у датэрміновым галасаваньні ўдзельнічалі 25-27% выбарнікаў сталіцы.

Спадар Рынкевіч таксама сказаў, што у дэмакратычных кандыдатаў амаль няма шанцаў патрапіць у парлямэнт:

«Па інфармацыі, якая мне вядомая, створаны так званы «Сьпіс Папкова». Сам спадар Папкоў будзе сьпікерам новага складу палаты, а спадар Андрэйчанка – віцэ-сьпікерам. Ад апазыцыі ў парлямэнт амаль нікога яны не прагназуюць. Там ёсьць шэсьць чалавек ад афіцыйнай партыі камуністычнай і значная частка кандыдатаў будзе ісьці пад шыльдай «Белай Русі», хаця гэта і не афішуецца.

Ніхто з тых з апазыцыі, хто, накшталт спадара Ляўковіча, апошнімі месяцамі паводзілі сябе лаяльна да ўладаў у парлямэнт не трапіць. Такім чынам, можна весьці кампанію, не спадзеючыся, што ўлада іх аблашчыць і пусьціць у склад дэпутатаў Палаты №4».

Тут застаецца толькі дадаць, што Аляксандар Папкоў зьяўляецца намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, а Ўладзімер Андрэйчанка – старшыня Віцебскага аблвыканкаму.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG