Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскае ДАІ заплаціла кампэнсацыі ахвярам “жывога шчыта”


Паведамляецца, што выплачаныя 22 млн. рублёў шасьці грамадзянам, пацярпелым ў дарожна-транспартным здарэнні на трасе Менск — Мікашэвічы 2 сакавіка 2008 года.

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на аднаго з пацярпелых Юрыя Пашкевіча. Як лічыць Пашкевіч, такім чынам ДАІ яшчэ раз прызнала, што вінаватымі ў справе аб "жывым шчыце" зьяўляюцца супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі. Паводле слоў Ю.Пашкевіча, яго сям'і было выплачана цалкам 18 млн. рублёў. Пры гэтым ён зазначыў, што дагэтуль не атрымаў кампэнсацыю ад кампаніі "Белдзяржстрах" за разьбітую машыну, бо ня згодны з прапанаванай схемай падліку ўрону.
Як паведамлялася раней, 2 сакавіка сёлета на трасе Менск — Мікашэвічы супрацоўнікі ДАІ спрабавалі затрымаць п'янага вадзіцеля Рамана Меньцюка, які ехаў у бок сталіцы з хуткасьцю 160 кілямэтраў на гадзіну. Каб спыніць парушальніка, супрацоўнікі ДАІ выставілі на яго шляху загароджу з некалькіх машын, у якіх знаходзіліся людзі — пяцёра дарослых і дзіця. Пазьней супрацоўнікі ДАІ Генадзь Дарагакупец і Аляксей Ліхтаровіч паўсталі перад судом і 25 чэрвеня былі прызнаны вінаватымі ў злачынстве, прадугледжаным ч.1 арт. 26 КК (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Суд прыгаварыў іх да двух гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна з адтэрміноўкай на тры гады і бяз права займаць пэўныя пасады на працягу трох гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG