Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі рыхтуюць акцыі пратэсту


Пастанова Мінэканомікі № 179, якая з 13 верасьня абмяжоўвае гандлёвую надбаўку на імпартныя тавары 30 працэнтамі, выклікала абурэньне прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў. Сёньня сябры праўленьня ініцыятывы “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” выступілі з ацэнкамі гэтага акту і распавялі пра свае пляны наконт акцый пратэсту.


Ініцыятыва “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” ў сувязі са зьяўленьнем пастановы Мінэканомікі № 179 заклікала да кансалідацыі як малы і сярэдні, так і буйны бізнэс. Гаворыць прадстаўнік ініцыятывы Алесь Таўстыка:

“Прынцыпова трэба зьвярнуць увагу і буйному бізнэсу, і малому бізнэсу на тое, што ў краіне, у якой не існуе закону пра малы і сярэдні бізнэс, будуць выходзіць 179-я, 180-я пастановы, удакладненьні. І сытуацыю ў краіне ня выправіць ніякім указам, ніякай пастановай”.

Праект закона аб малым і сярэднім бізнэсе ўнесены ў парлямэнт амаль год таму перад пратэстамі з нагоды ўвядзеньня ў дзеяньня 760-га прэзыдэнцкага ўказу, які абмежаваў права прадпрымальнікаў наймаць працаўнікоў. Аднак дагэтуль ніякага руху гэты праект не атрымаў.

Кіраўнік ініцыятывы “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў перакананы, што калі Мінэканомікі ня зьменіць пастанову нумар 179, то і буйны і, малы бізнэс чакаюць вялікія страты:

“Прамаўчаць сёньня пра нэгатыўнасьць гэтай 179-й пастановы мы, малы бізнэс, ня маем права. Мы будзем разам з буйным бізнэсам рознымі спосабамі, уключаючы вулічныя акцыі, адстойваць і адбівацца ад гэтай пастановы. Для краіны яна — галаўны боль, і ён на нас адаб’ецца”.

Віктар Гарбачоў паведаміў, што прадпрымальнікі рыхтуюцца да акцыяў пратэсту 10 сьнежня гэтага году, 10 студзеня, 21 студзеня і 18 лютага наступнага году — на ўгодкі леташніх акцыяў пратэсту. Не выключаюць прадпрымальнікі свайго ўдзелу ў акцыях апазыцыі 28 верасьня, а таксама абяцаюць, што 2 кастрычніка будзе масава сьвяткавацца Дзень прадпрымальнікаў і асоб, якія працуюць паводле найму.

Тым часам у Міністэрстве эканомікі пасьля зваротаў прадпрымальніцкіх саюзаў карэктуюць сваю пастанову нумар 179. Удзельнік перамоваў з урадам у сувязі з выхадам гэтага дакумэнту, старшыня Саюзу юрыдычных асобаў Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў кажа, што цяпер да пастановы Мінэканомікі нумар 179 фармуюцца ўдакладненьні. Прадпрымальнікі чакаюць, што яны зьявяцца не пазьней за панядзелак 15 верасьня.

“Мы задаволеныя і ўдзячныя ўраду за тое, што ён выслухаў нашыя аргумэнты. Урад мае свой набор аргумэнтаў, чаму ён хацеў так зрабіць, але тым ня меней урад пайшоў на кампрамісны варыянт. Гэта нас абнадзейвае”.

Учора кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Сідорскі заявіў, што ў бягучай пяцігодцы Беларусь робіць стаўку на павелічэньне ўнёску прадпрымальнікаў у разьвіцьцё эканомікі. Паводле ягоных словаў, удзельная вага малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў агульным аб'ёме рэалізацыі тавараў, работ і паслуг у 2010 годзе павінна быць даведзеная да 30%. Колькасьць занятых у гэтым сэгмэнце эканомікі, згодна з гэтымі плянамі, дасягне 23—25% ад агульнай колькасьці працаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG