Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Абхазію трэба прызнаваць як мага хутчэй”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 10 верасьня, сераду.


У Вярхоўным судзе адбыўся разгляд пазоваў незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў да Цэнтральнай выбарчай камісіі. Тэлефанаваньні на гэтую тэму:

Аляксандар Лапіцкі: “Спадар прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка! Вы павінны неадкладна адхіліць ад працы старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Ярмошыну і супрацоўнікаў. Ярмошына прызналася, што яны адмовілі Лагвінцу зарэгістраваць яго кандыдатам у дэпутаты парлямэнту за тое, што ён пакрытыкаваў працу Цэнтравыбаркаму”.
Лагвінцу зарэгістраваць яго кандыдатам у дэпутаты парлямэнту за тое, што ён пакрытыкаваў працу Цэнтравыбаркаму

Спадар: “Падаецца, некаторыя, хто выступае за працяг і ўдзел у выбарчай кампаніі, не ў ладах зь лёгікай. Яны кажуць, што будуць кантраляваць і фіксаваць парушэньні. А хто будзе замінаць вам рабіць тое самае, калі вы не зьяўляецеся кандыдатам, калі ёсьць якія-небудзь назіральнікі? Але ж вядома, на якой адлегласьці сядзяць назіральнікі ад сталоў, дзе ідзе падлік галасоў. Як можна тады кантраляваць? Толькі лямантаваць, што былі парушэньні. Так што, сапраўды, ніякага сэнсу ў гэтым удзеле няма”.

Выказваньне камэнтуе грамадзкі рэдактар гэтага тыдня на Радыё Свабода Сяржук Салаш:

“Што тычыцца байкоту, то тут думкі падзяляюцца. І кандыдатаў, якія зарэгістраваныя, зразумець можна. Шмат розных чыньнікаў можа ўплываць на іхнае жаданьне і далей удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Я ўпэўнены, што можна спрабаваць у межах дзейнай палітычнай сыстэмы, выбарчага заканадаўства адсочваць ход кампаніі. І нейкія высновы на пэўных этапах мы рабіць можам”.

У працяг тэмы выбараў — пытаньне слухача:

Спадар: “Праз вас я хачу зьвярнуцца да кандыдата ў дэпутаты Вольгі Казулінай. Паважаная Вольга, як кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вы на сустрэчах са сваімі будучымі выбаршчыкамі, канечне, гаворыце, як будзеце змагацца за іх шчасьце і дабрабыт. У сувязі з гэтым у мяне да вас пытаньне. Што вы мяркуеце наконт сваёй заявы, зробленай чатыры месяцы таму карэспандэнту Радыё Свабода, калі вы змагаліся за вызваленьне свайго бацькі? Канечне, любоў да бацькі — гэта сьвятое. Але тады карэспандэнту “Свабоды” вы сказалі, што эканамічных санкцый супраць Беларусі мала, трэба супраць Беларусі ўвесьці эканамічную блякаду. Вы ўяўляеце, колькі мільёнаў беларусаў насамрэч пацярпела б ад увядзеньня эканамічнай блякады? Лукашэнка б у гэтым выпадку не пацярпеў. Хачу пачуць ваш адказ. Дзякуй”.

На пытаньне адказвае кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Вольга Казуліна:

“Хацела б падзякаваць за гэтае пытаньне, бо яно актуальнае. Пакуль у Беларусі будуць палітзьняволеныя і пакуль Лукашэнка будзе таргавацца палітзьняволенымі, неабходна рабіць усё, каб гэта спыніць. Эканамічнай блякады ён не дапусьціць, бо гэта азначае для яго страту ўлады. А ўлада для яго — самае дарагое, калі ён казаў, што будзе бараніць яе са зброяй у руках. Таму ён не дапусьціць таго, што магло б адлучыць яго ад ягонай пасады. І ні ў якім разе мы ня кажам пра тое, каб уводзіліся санкцыі, якія дзейнічаюць супраць беларускага народу”.
Абхазію трэба прызнаваць як мага хутчэй

Працягваем праграму СМС-паведамленьнем ад спадара Генрыха зь Вялейкі, які піша: “Спадар Хадановiч, працягвайце свае сьпевы, маеце i ў гэтым пачэсным занятку талент. Ваш удзячны слухач”. Далей тэлефанаваньні на розныя тэмы:

Ільля Копыл, Менск: “Абхазію трэба прызнаваць як мага хутчэй. І не задарма, а вытаргаваць за прызнаньне кілямэтраў 10—15 чарнаморскага ўзьбярэжжа. Там можна будзе пабудаваць некалькі курортаў для адпачынку беларускіх чыноўнікаў, якія пазбаўленыя візаў у заходнія краіны”.

Спадар: “Ясна відаць, што Аляксандар Рыгоравіч ня траціць надзеі і імкнецца ў лідэры Расеі. Так што Мядзьведзеў і Пуцін павінны быць пільнымі, іначай ён пакажа ўсім “кузькіну маць”.

Спадарыня: “Напраўду, цяжкія матэрыяльныя ўмовы, войны, разбурэньні могуць падштурхоўваць людзей да п’янства. Аднак у сьвеце шмат прыкладаў, калі гэта не адбываецца. Узяць хаця б тую ж Чачню ці Палестыну. Беларусаў спойваюць наўмысна. Бізнэс ад наркатычных рэчываў самы прыбытковы. Тут без умяшаньня ўлады праблему ніколі ня вырашыць. Чаму яна маўчыць і чаму ёй гэта выгадна, хто нажываецца на бядзе нашага народу, — гэта ўжо іншае пытаньне”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG