Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыгажуні на шпільках, на старт!


Сёньня ў Гомелі Цэнтар моды й прыгажосьці “Крыштальная німфа” зладзіў спаборніцтва сярод дзяўчат па бегу на шпільках.

Ужо а 17-й гадзіне ў сквэры сабралася блізу дзьвюх тысячаў гараджанаў. І асабліва шмат тут было маладых дзяўчат у пантофлях і басаножках на высокіх абцасах.

Толькі пачалася рэгістрацыя. Ахвотніц бегчы на 60-мэтровую дыстанцыю на высокіх абцасіках сабралася дзясяткі.


“Тацяна. Цікавая такая акцыя для прыгожых дзяўчат у Дзень прыгажосьці. Хіба ж мы не прыгожыя?!”

Побач маладая дзяўчына атрымала на забег парадкавы нумар 1:

“Я – Канавалава Іна, школьніца. Сёньня – Дзень прыгажосьці, і мне захацелася паглядзець, на што я здольная. За мяне хварэе мая лепшая сяброўка. І, думаю, што хварэе за мяне таксама й мая школа”.

Удзельніц не палохала, што бегчы на шпільках ім трэба па брукаванай плітцы, ня надта зручнай дзеля такога спаборніцтва. Навучэнка каледжу бытавога абслугоўваньня кажа на гэта:

“Калі на заняткі спазьняесься, бегаеш ня толькі па такім пакрыцьці – і па ямках, і па асфальце, і па камянях. Дарогі ў нас такія”.

Пад воклічы й воплескі ды пільным наглядам судзьдзяў распачалі забегі – па пяць дзяўчат.


Усяго ў спаборніцтве ўзялі ўдзел 58 маладых гамяльчанак. Шанцавала ня ўсім. Адна зь дзяўчат упала, у другой – зьляцела з нагі пантофля…

А самай спрытнай і хуткай аказалася Ірына Савосьціна, студэнтка ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Яна й атрымала галоўны прыз – мабільны тэлефон і кветкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG