Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаў церпіць ад крыміналу прапаршчыкаў


У Барысаве ад рукі ваеннаслужачага падчас п’янай бойкі загінуў малады чалавек. А на мінулым тыдні прапаршчык вайсковай часткі абрабаваў там жа банк. Што штурхае вайскоўцаў на крымінальныя ўчынкі?

Вайсковец “адзначыўся” на крымінальным фронце ў Барысаве. Гэта адбылося ў нядзелю, калі ў горадзе масава сьвяткавалі Дзень беларускага пісьменства і друку. Дзяжурны міліцыянт паведаміў Радыё Свабода:
“На вуліцы Чапаева, у двары дому, вайсковец пасварыўся з маладым чалавекам, піхнуў яго. Той ўпаў, ударыўся галавой і памёр. Справа заведзеная як ненаўмыснае злачынства”.
У вайсковай пракуратуры, дзе расьсьледуюць забойства, адмовіліся паведаміць, ці арыштаваны падазроны ў забойстве. Зь іншых крыніц ўдалося даведацца, што ён служыць ў адной з частак ў вайсковым пасёлку Печы ў званьні прапаршчыка.
Нагадаю, на мінулым тыдні іншы прапаршчык з Барысава абрабаваў мясцовы філіял “Беларусбанку”. Падчас нападу ён быў узброены табэльным пісталетам, зь якога нават стрэліў. Дарэчы, па стрэлянай гільзе вайскоўца ў той жа дзень знайшлі. Аказалася, на злачынства ён пайшоў падчас дзяжурства ў частцы.
Якая сытуацыя з вайсковай злачыннасьцю ў гэтым годзе? Прэсавы сакратар міністэрства абарона Вячаслаў Раменьчык кажа, што з 1994-га году яна зьнізілася болей як удвая і сёлетнія тэндэнцыі таксама не даюць падстаў для вялікай крытыкі.
“Адназначна скажу, што паводле кожнага такога факту праводзіцца праверка, каб больш такое не паўтарылася”.
Карэспандэнт: “Выпадак з банкам таксама правяраўся? Што спрыяла злачынству? Гэта ж не звычайнае злачынства, калі вайсковец падчас нясеньня службы ідзе рабаваць банк?”
“У той жа дзень пачалі праверку. Але пра вынікі мы пакуль казаць ня можам, бо высновы кладуцца ў крымінальную справу”.
Барысаўскі журналіст Анатоль Букас спрабуе абрацца ў парлямэнт. У тым ліку ў ягонай праграме – барацьба са злачыннасьцю. Анатоль Букас кажа, што вайсковы складнік гэтай зьявы ў горадзе вельмі значны і мяркуе, што такая ж сытуацыя паўсюль, дзе кватаруюць вайскоўцы.
“У нас нядаўна вайскоўцы скралі з танкаў электронныя прыстасаваньні і былі асуджаныя. Усё наша грамадзтва хварэе, і гэтая хвароба перадаецца вайскоўцам таксама”.
Да таго, як заняцца журналістыкай, спадар Букас 10 гадоў служыў у войску. Пытаюся, ці можна казаць, што ў Барысаве вайскоўцы паводзяць сябе, як гаспадары гораду?
“Я б так не лічыў, што яны бачаць сябе гаспадарамі. Але калі ўвечары пайсьці пагуляць па вуліцах, то чамусьці я ня бачу вайсковага патруля. Калі я служыў, патрулі сачылі і за тым, каб не бадзяліся па вуліцах нецьвярозыя вайскоўцы”.
Прычынай забойства, якое ўчыніў вайсковец ў Барысаве ў нядзелю, стала п’янства. Дарэчы, сьмяротных выпадкаў на глебе бытавога п’янства ў Беларусі не памяншаецца. Толькі за першую палову года гэтак загінулі 435 чалавек. Генэральная пракуратура б’е ў званы, нагадвае пра дзяржаўную праграму барацьбы з алькагалізмам і адзначае, што праграма не выконваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG