Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 верасьня “Аршанская бітва” на тым жа месцы


Фэстываль беларускай бардаўскай песьні традыцыйна праходзіць недалёка ад Воршы, каля вёскі Гацькаўшчына, на гістарычным месцы Аршанскае бітвы, якая адбылася ў 1514 годзе і скончылася перамогай войска ВКЛ над расейскім войскам.

Упершыню фэст адбыўся 17 год таму, і з тае пары праводзіўся 15 разоў: было некалькі гадоў за ўсю ягоную гісторыю, калі яго адмянялі з-за дужа неспрыяльнага надвор’я ці то зь нейкіх іншых прычынаў.

Аднак летась упершыню за ўсе мінулыя гады мастацкую імпрэзу паспрабавалі забараніць: напярэдадні на месцы фэсту быў выстаўлены міліцэйскі кардон, і супрацоўнікі міліцыі ўсім тлумачылі, што на полі, дзе зазвычай праходзіць фэст, знайшлі міны і снарады. Праўда, спэцтэхнікі для разьмінаваньня або вайсковых спэцыялістаў госьці ня ўбачылі, затое ім давялося сустрэцца з узмоцненымі сіламі ахоўнікаў правапарадку. Міліцыянты, у аўральным парадку зьвезеныя на Аршаншчыну з трох бліжэйшых раёнаў, загадвалі людзям з пляцакамі і гітарамі разварочвацца і кіравацца дадому.

Нягледзячы на спробы сарваць імпрэзу, яна ўсё-ткі адбылася. Праўда, у іншым месцы, хоць і недалёка ад традыцыйнага, і зь меншай колькасьцю слухачоў і сьпевакоў – бо асобных актывістаў міліцыя затрымала, а некаторыя мусілі разьехацца самі.
Заўсёдны ўдзельнік фэсту Юры Копцік кажа, што сёлета фэст мае адбыцца ў любым выпадку:

“Пасьля мінулагодніх падзей фэстываль ўсё-ткі прайшоў, праўда, не ў такім фармаце, як мы хацелі і рыхтаваліся – у такім “партызанскім” фармаце, але ён прайшоў. Таму мы ніякіх зьмяненьняў не плянуем. Мы, зьбіраючыся ў гэтым гістрачным месцы, не парушаем аніякіх беларускіх законаў, і фэстываль беларускай бардаўскай песьні і паэзіі будзе праходзіць у тым самым месцы, пачатак вечарам 6-га верасьня а 20-й гадзіне. Прыязжайце, калі ласка.”

Юры Копцік падкрэсьлівае, што загадзя нельга прадказаць, колькі зьбярэцца народу, і хто з бардаў будзе выступаць – бо імпрэза ня мае афіцыйных арганізатараў, і ўсё адбываецца добраахвотным чынам. Як ён кажа, на «Аршанскай бітве» ў розныя гады выступалі практычна ўсе вядомыя беларускія аўтары: Андрэй Мельнікаў, Віктар Шалкевіч, Алесь Камоцкі, Зміцер Сідаровіч і гурт «Камелот», Лера Сом, Зміцер Бартосік, Андрэй Хадановіч, Лана Медзіч, Таццяна Барысік, гурт «Водар сусвету», Анатоль Кудласевіч і многія, многія іншыя. А лік слухачоў і гледчоў ідзе ўжо на тысячы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG