Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм'ер-міністар Літвы: “Беларусь ступіла на шлях прагрэсу”


Г.Кіркілас
Г.Кіркілас

“Беларусь ступіла на шлях прагрэсу — запрасіла назіральнікаў АБСЭ і вызваліла палітзьняволеных", — заявіў прэм'ер-міністар Літвы Гядзімінас Кіркілас пасьля перамоваў з кіраўніком беларускага ўраду Сяргеем Сідорскім, што прайшлі 2 верасьня ў Друскеніках.

Як паведамляюць літоўскія СМІ, Г.Кіркілас назваў гэту сустрэчу "вельмі сяброўскай". Ён падкрэсьліў, што для Літвы зносіны з Беларусьсю непазьбежныя, бо краіны аб'ядноўваюць шмат важных пытаньняў і агульная мяжа працягласьцю больш за 670 кілямэтраў.

Літоўскі прэм'ер зазначыў, што Беларусь абяцае не абмяжоўваць колькасьць замежных назіральнікаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў. "Прэм'ер мне сказаў, што яны пусьцяць усіх назіральнікаў, якія толькі пажадаюць удзельнічаць. Калі так будзе, гэта будзе вельмі сур'ёзны крок наперад", — сказаў Г.Кіркілас.

Апрача таго, зазначыў літоўскі прэм'ер, Літва зацікаўлена ў палягчэньні візавага рэжыму і працэдуры перасячэньня мяжы для грамадзян Беларусі. Паводле меркаваньня Г.Кіркіласа, кошт літоўскай візы ў 60 эўра эканамічна не абгрунтаваны, але палітычнае рашэньне па гэтым пытаньні павінны прыняць краіны ЭЗ.
У сваю чаргу С.Сідорскі заявіў, што Беларусь плянуе да 2015 году пабудаваць першы з двух рэактараў АЭС, а частку электраэнэргіі пастаўляць у Літву. "Мы абмеркавалі і свае, і вашы пляны па будаўніцтве АЭС. Мы маем намер гэта зрабіць за больш кароткі тэрмін — пабудаваць першы блёк да 2015 году".

Ён таксама зазначыў, што Беларусі цікавы праект новай літоўскай АЭС у Вісагінасе, у будаўніцтве якой маглі б удзельнічаць беларускія спэцыялісты.

С.Сідорскі таксама запрасіў Г.Кіркіласа наведаць Менск.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG