Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У Шклоўскай калёніі тры жалезныя клеткі для людзей”


Былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч пацьвярджае зьвесткі пра катаваньні і кажа пра трывалае ўзмацненьне рэпрэсій супраць вязьняў.


Турэмны шлях Сяргея Парсюкевіча праходзіў праз чатыры турэмныя ўстановы: Менскую адміністрацыйную турму на вуліцы Акрэсьціна, менскі сьледчы ізалятар на Валадарскага, Шклоўскую і Менскую калёніі. Былы палітвязень упэўнена адказвае “так” на пытаньне, ці сутыкаўся ён з катаваньнямі. У турме на Акрэсьціна, куды Сяргей патрапіў за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, яго зьбівалі турэмшчыкі, адзін зь іх нават душыў за горла.

“Пакуль я яго трымаў, накінуліся іншыя і моцна зьбілі, надзелі на рукі кайданкі. А тады, калі я ляжаў у кайданках, той ахоўнік пачаў мяне душыць. Ён паводзіў сябе як зьвер”.

Пакуль я яго трымаў, накінуліся іншыя і моцна зьбілі, надзелі на рукі кайданкі. А тады, калі я ляжаў у кайданках, той ахоўнік пачаў мяне душыць. Ён паводзіў сябе як зьвер
Якраз пасьля гэтага інцыдэнту Сяргей Парсюкевіч быў абвінавачаны ў зьбіцьці міліцыянта, асуджаны на 2,5 года зьняволеньня і накіраваны для адбыцьця пакараньня ў Шклоўскую калёнію. Там у вязьня, як і ва ўсіх зьняволеных, адміністрацыя ўзяла падпіску пра добрыя паводзіны. Паводле Сяргея Парсюкевіча — гэта навацыя апошніх гадоў. Тым, хто адмаўляецца даваць такія падпіскі, гарантаваная звышпільная ўвага адміністрацыі, што непазьбежна скончыцца карцэрам.

“У зоне кажуць, што прычапіцца можна і да слупа. З кімсьці не павітаўся, кагосьці не заўважыў, нейкі гузік у цябе расшпіліўся — усё, можаш апынуцца ў ізалятары”.

Сяргей Парсюкевіч згодны з праваабаронцамі, якія прыраўноўваюць умовы ў штрафных ізалятарах беларускіх турмаў да катаваньняў:

“Можна на месяц туды патрапіць, а можна і болей. Ані коўдры, ані падушкі не даюць. Дзень сядзіш на зэдліку, ноч ляжыш на жалезным ці драўляным ложку без матраца. Там вельмі холадна. Чым гэта не катаваньне? Нездарма некаторыя адтуль выходзяць з псыхічнымі адхіленьнямі”.

Сяргей Парсюкевіч распавёў пра яшчэ адзін мэтад узьдзеяньня на парушальнікаў рэжыму, які выкарыстоўвае адміністрацыя Шклоўскай калёніі. Гэта тры жалезныя клеткі, якія стаяць у розных месцах на тэрыторыі калёніі і ніколі не пустуюць.

“Чалавека туды зьмяшчаюць, і ён цэлы дзень там тырчыць. Клетка два на два мэтры, нізкая, у ёй і не пастаіш. І зімой і летам гэта адбываецца. Шмат хто пабываў у такіх клетках”.

Некаторыя вязьні нават у такіх умовах спрабуюць змагацца за свае правы, пішуць скаргі. Самае лепшае, калі скарга проста не дайшла да адрасата. Бывае куды горш.

Камусьці нешта не спадабалася, пайшлі скаргі — урываецца натоўп у масках — гэта міліцыянты з рэзэрву пры турме ці яшчэ адкуль. Яны залятаюць у камэру і дубінкамі натуральна зьбіваюць людзей
“Камусьці нешта не спадабалася, пайшлі скаргі — урываецца натоўп у масках — гэта міліцыянты з рэзэрву пры турме ці яшчэ адкуль. Яны залятаюць у камэру і дубінкамі натуральна зьбіваюць людзей. А тое, што адбываецца ў віцебскай турме, асобная размова. Там людзей выводзяць усіх з камэр на калідор, ставяць на кукішкі, рукі за галаву, галаву ўніз і гэтак прымушаюць стаяць гадзінамі. Хто не вытрымлівае, падае, таго зьбіваюць дручкамі”.

Турма дае магчымасьць пазнаёміцца зь вязьнямі, якія пабывалі ў іншых калёніях. Паводле Сяргея Парсюкевіча, досьвед гэтых людзей таксама пацьвярджае заявы пра масавыя катаваньні:

“Літаральна ўчора я сустракаўся з былым вязьнем Глыбоцкай турмы. Кажа, там людзі рэальна не выходзяць з карцэраў”.

Сяргей Парсюкевіч нагадаў выпадак, які адбыўся ўлетку ў бабруйскай турме: некалькі вязьняў там перарэзалі сабе вены. Адміністрацыя турмы заявіла, што яны парушылі дысцыпліну і пратэставалі супроць заслужанага пакараньня. Сяргей Парсюкевіч перакананы, што гэтак людзі пратэставалі супроць бесчалавечнага абыходжаньня. “Яшчэ можна зьдзіўляцца цярплівасьці нашых людзей”, — кажа былы палітвязень.


У Шклоўскай калёніі адмаўляюцца камэнтаваць зьвесткі пра наяўнасьць на тэрыторыі калёніі трох жалезных клетак для пакараньня вязьняў. Нагадаем, раней падобнае казала пра гомельскую жаночую калёнію праваабаронца Кацярына Садоўская, якая вызвалілася летась у траўні, адбыўшы 10 месяцаў зьняволеньня. Пасьля гэтай заявы ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў сказалі: “Ніякіх клетак у нас няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG