Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаворыць і ... паказвае Свабода <img src="/img/icon-video.gif" border=0 />


З гэтага жніўня на незалежным тэлеканале Белсат – штотыднёвая аналітычная праграма “Тыдзень з Радыё Свабода”.

Сэнсы бягучых падзеяў, таямніцы палітыкі, сэнсацыі і тэндэнцыі – пра ўсё Свабода ўжо ня толькі гаворыць, але і паказвае на тэлеканале Белсат.Удзельнікі перадачы – супрацоўнікі праскага офісу радыё, а таксама нашы калегі зь іншых службаў нашага радыё.

Свабода на Белсаце 30.08.2008, Частка 1
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:11 0:00


У гэтым выпуску дырэктар беларускай службы Свабоды Аляксандар Лукашук і аналітыкі Юры Дракахруст і Ян Максімюк абмяркоўваюць прычыны і наступствы вызваленьня Аляксандра Казуліна, а таксама хаду і прагнозы выбарчай кампаніі.

Лукашук: “Прывітаньне шаноўныя .... гледачы

Такі зварот нязвыклы для мяне, Аляксандра Лукашука, дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода. Нязвыклы ён і для маіх калег – аналітыкаў Юрыя Дракхруста і Яна Максімюка.

Сёньня дзякуючы нашым польскім калегам – стваральнікам першага незалежнага беларускага тэлебачаньня – мы робім гэтую трансфармацыю – і пачынаем рэгулярныя, раз на тыдзень, сустрэчы з вамі на экране тэлевізара.

У перадачы будуць удзельнічаць супрацоўнікі беларускай службы і іншых рэдакцыяў Радыё Свабода, а таксама іншыя госьці. Часьцей за іншых у гэтай студыі мы будзем зь Юрыем Дракахрустам і Янам Максімюком. Наша перадача ў значнай ступені працяг таго, што яны прафэсійна робяць у радёэфіры і цяпер ў Інтэрнэце ужо многія гады.

А зараз – да справы.

Свабода на Белсаце 30.08.2008, Частка 2
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:29 0:00


Галоўная беларуская сэнсацыя жніўня – вызваленьне Аляксандра Казуліна. Насамрэч былі вызваленыя ўсе палітвязьні, але іншых вязьняў вызвалялі і раней – сёлета ў лютым за кратамі заставаўся толькі Казулін. Чаму ўвесь мінулы год Лукашэнка ўпарта адмаўляўся вызваляць “палітвязьня №1”, чаму давёў справу да амэрыканскіх эканамічных санкцый, чаму ў гэтым лютым прапаноўваў адно сумнеўную камбінацыю з вызваленьнем у эміграцыю. А цяпер – памілаваньне, на волю без усялякіх умоваў. Чаму?”

Дракахруст: “Гэтаму ёсьць шэраг прычын. Як бы беларускія ўлады ні запэўнівалі ўсіх у сваёй непахіснасьці, мяркую, што пэўны ўплыў санкцыі – візавыя і эканамічныя – усё ж зрабілі . Але ня толькі яны. Сваю ролю адыграла вайна на Каўказе, паўстаньне новай пасьляваеннай Расеі. Ня выключана, што сэнсацыйным вызваленьням паспрыяў і прыход новай каманды ў атачэньні Лукашэнкі”.

Лукашук: “Я нагадаю нашым гледачам, што пасьля выбуху ў Менску 4 ліпеня Аляксандар Лукашэнка звольніў з пасадаў кіраўніка сваёй адміністрацыі Віктара Шэймана і сакратара Рады бясьпекі Генадзя Нявыгласа. Кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі стаў былы памочнік кіраўніка дзяржавы Ўладзімер Макей”.

Дракахруст: “Магчыма, адна з галоўных прычын вызваленьняў – парады брытанскага лорда Тымаці Бэла, піяршчыка, нанятага Лукашэнкам для паляпшэньня іміджу афіцыйнага Менску. Гэты дасьведчаны профі мог на пальцах патлумачыць Лукашэнку, што вялікай шкоды Казулін для яго не ўяўляе, наадварот, можа быць скарыстаны як тэрмінатар апазыцыі. А з другога боку, гэтак жа на пальцах патлумачыць, што менавіта атрымае Менск за гэтае сэнсацыйнае вызваленьне. І ня толькі патлумачыць, а нават і крыху пралабіраваць гэты варыянт на Захадзе. Я хачу нагадаць, што лорд Бэл казаў пра магчымасьць вызваленьня палітвязьняў за некалькі тыдняў да сапраўднага вызваленьня Казуліна”.

Лукашук: “Ян Максімюк, а які Ваш адказ на пытаньне – чаму былі вызваленыя палітвязьні? Ці сапраўды “палата лордаў” стала фактарам беларускай палітыкі?”

Максімюк: “Я думаю, што дзеля вызваленьня Казуліна назьбіралася шмат прычынаў, уключна з расейска-грузінскай вайной, аднак галоўнай лічу халодны разьлік рэжыму, што пройдзе яшчэ нейкі час і гэты рэсурс — палітычныя вязьні — можа ня даць ніякіх дывідэндаў у стасунках Менску з Захадам. Захаду ў новай геапалітычнай сытуацыі, выкліканай расейскай інтэрвэнцыяй у Грузіі, проста будзе не да Беларусі. Так што гэта быў апошні момант, калі можна было вызваліць Казуліна і пры гэтым атрымаць пэўныя дывідэнды з Захаду. І разьлік, як бачым, быў правільны. Вашынгтон зрэагаваў апэратыўна, паслаўшы свайго прадстаўніка на перамовы ў Менск. Пра магчымасьці паляпшэньня адносінаў, уключна са скасаваньнем санкцый, заявіў і Эўразьвяз”.

Лукашук: “Зьвернемся зараз да самога Казуліна. На сваёй першай прэсавай канфэрэнцыі пасьля вызваленьня ён заявіў: “Я пачынаю з нуля, я сёньня ніхто, і гэта вельмі прыемна”. Кажучы мовай матэматыкі, блізкай і прафэсару Казуліну, і Вам, Юры, да якой велічыні і як хутка вырасьце ён з гэтага “нуля”, а папросту кажучы, якую ролю будзе адыгрываць ён на палітычным полі Беларусі?”

Дракахруст: “Сапраўды, выглядае, што Казулін нібыта адмовіўся змагацца за ўладу ў сваёй уласнай партыі , якая незадоўга да ягонага вызваленьня перавяла яго з пасады дзейнага старшыні на пасаду ганаровага. Я б зьвярнуў увагу на прапанову Анатоля Лябедзькі, які сказаў, што Казуліна варта ўключыць у склад кіраўніцтва Аб’яднаных дэмакратычных сіл, так бы мовіць, у асабістай якасьці. АДСу не хацелася б, каб Казулін выправіўся ў вольнае палітычнае плаваньне. АДС можа нават зрабіць яго сваім старшынём, але лёс Аляксандра Мілінкевіча паказвае, што такога старшыню, які не абапіраецца на ўласную палітычную сілу, чакаюць вялікія расчараваньні. Я не выключаю, што Казулін усё ж паспрабуе пад сваё імя, пад свой аўтарытэт стварыць нейкі рух ці партыю з добраахвотнікаў з самых розных палітычных сілаў, нейкую “Волю народа-2”, кшталту таго, што ён спрабаваў зладзіць у 2004 годзе. Наколькі гэта ў яго атрымаецца – ня ведаю, майстэрствам ствараць устойлівыя палітычныя структуры спадар Казулін раней неяк не вызначаўся”.

Лукашук: “Ян, а які Ваш адказ на пытаньне – якое значэньне будзе мець вяртаньне Казуліна ў палітычны працэс у Беларусі?”

Максімюк: “Я думаю, што гэта мела б вялікае значэньне, калі б у яго атрымалася вярнуцца. Казулін мае харызму, ён здольны да радыкальных дзеяньняў, якія цяжка прадбачыць. Такі палітык заўсёды адыгрывае істотную ролю ці ў апазыцыі ці нават ва ўладзе.

Аднак я, як і Юры, стаўлюся скептычна да вяртаньня Казуліна ў палітыку без структуры. Ёсьць сумны прыклад Мілінкевіча, які быў ва ўсіх на віду і на слыху, калі за ім была структура, але сышоў на другі і нават на трэці плян, калі раптам гэтая структура ў яго зьнікла. Да таго ж здольнасьць улады кантраляваць грамадзкую сытуацыю ў Беларусі вельмі абмяжоўвае магчымасьці нават такога палітыка, як Казулін, арганізаваць нейкую ўстойлівую структуру".

Лукашук: "Але калі мы з вамі назіраем пашырэньне дэмакратычнага поля, то магчымасьці кансалідацыі і стварэньня структуры моцны лідэр мае, як гэта засьведчылі апошнія прэзыдэнцкія выбары.

Свабода на Белсаце 30.08.2008, Частка 3
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:09:44 0:00


Вызваленьне Аляксандар Казуліна адбылося на фоне надзвычай важнай палітычнай кампаніі – парлямэнцкіх выбараў. Да дня галасаваньня засталося менш за месяц – што можна сказаць пра хаду сёлетняй выбарчай кампаніі, як ацаніць яе ўмовы ў параўнаньні з умовамі папярэдніх выбараў?”

Дракахруст: “Я б сказаў, што сёлета кампанія праходзіць больш дэмакратычна, ці дакладней, больш лібэральна, чым раней. Зразумела, што яна і цяпер даволі далёкая ад стандартаў дэмакратыі. Але ў акруговыя камісіі прадстаўнікоў апазыцыі ўключылі даволі шмат, ініцыятыўныя групы зарэгістравалі амаль усе. Так, участковыя камісіі сфармавалі як заўжды, спрэс зь людзей, падкантрольных уладзе. Але я мяркую, што наступны этап – рэгістрацыя кандыдатаў – таксама пройдзе даволі лібэральна. Падлік галасоў, рэальны кантроль улада ня выпусьціць з рук, гэта базавы момант, а іншыя этапы могуць правесьці без асабліва адыёзных абмежаваньняў”.

Лукашук: “Ян – два прыклады – што найбольш пазытыўнае і найбольш нэгатыўнае у сёлетняй кампаніі вас ўразіла?”

Максімюк: "Вялікі плюс гэтых выбараў – гэта тое, што апазыцыя прадстаўленая ў акруговых выбарчых камісіях. Гэта можа быць касмэтычны крок, але гэта ўсё ж крок наперад для беларускай апазыцыі. Ну а самы вялікі мінус – гэта тое, што прынцыпы вядзеньня выбарчай кампаніі ўладай фактычна не зьмяніліся. Гэта паказвае выпадак зь незалежным кандыдатам Аляксандрам Мехам з Кобрына, калі афіцэры КДБ спрабавалі прымусіць яго адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі, паколькі ён ствараў сур'ёзную канкурэнцыю кандыдату ад улады. Паколькі Аляксандар Мех не пагадзіўся адмовіцца ад удзелу ў кампаніі, яго проста звольнілі з працы".

Лукашук: "Гледачы Белсату магчыма ведаюць пра гэтую гісторыю. Аляксандар Мех здолеў запісаць на схаваны дыктафон гэтую гутарку з афіцэрам КДБ і яна была шырока апублікаваная на Інтэрнэт-сайтах.

У гэтых выбарах існуе інтрыга, якая пачалася да іх пачатку.

Яшчэ напярэдадні выбараў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію агенцтву Reuters намякнуў на тое, што ў наступнай Палаце прадстаўнікоў будзе некалькі апазыцыйных дэпутатаў. На падставе таго, што мы ведаем пра хаду выбарчай кампаніі, як вы лічыце, ці ўвасобяцца гэтыя намёкі ў жыцьцё? Як гэта будзе зроблена, хто менавіта будуць гэтыя апазыцыянэры? Як гэта зьменіць сытуацыю ў апазыцыі?”

Дракахруст: “Я прашу прабачэньне за пэўнае блюзьнерства, але я прыгадваю такую гісторыю. У часы Трэцяга Рэйху гестапа неяк закінула Гёрынгу , што ў яго ў міністэрстве люфтвафэ працуе некалькі габрэяў. На што Гёрынг адказаў знакамітай фразай: “Хто ў мяне ў ведамстве габрэй – вызначаю асабіста я”. У мяне такое ўражаньне, што Аляксандар Лукашэнка зыходзіць з прынцыпу: "Хто ў мяне ў апазыцыі дэпутат – вызначаю асабіста я".

Я думаю, што пэўная колькасьць апазыцыянэраў у парлямэнце будзе. І я ня думаю, што гэта абавязкова будуць квазіапазыцыянэры кшталту спадарыні Абрамавай і спадара Гайдукевіча. Не, гэта могуць быць і дастаткова яскравыя, вядомыя асобы. Але, па-першае, іх будзе няшмат. А па-другое, я мяркую. выбар будзе зроблены – я маю на ўвазе выбар не народу, я вядома каго – на карысьць асобаў, чыё абраньне аб’ектыўна выкліча найбольшы раскол у апазыцыі. Прычым не таму, што гэтыя людзі будуць агентамі рэжыму. Не, дэпутацтва, зусім іншы статус, асабістыя амбіцыі – навошта спэцапэрацыі? Апазыцыянэры ў парлямэнце і за яго межамі ўсё зробяць самі. Але варта сказаць, што гэта ў параўнаньні з ранейшай аглабельнай тактыкай улады – скачок наперад, да больш вытанчаных тэхналёгій маніпуляцыі. Ну а апазыцыя можа паспрабаваць і выйграць гэтую гульню, скарыстаўшы хоць маленечкую, але публічную, легітымную пляцоўку, якую яна займее ўпершыню за шмат гадоў”

Лукашук: "Юры, я ня цалкам пагаджуся з Вашым апісаньнем працэсу. У нас у парлямэнце ўжо была сытуацыя, калі група дэпутатаў – генэрал Фралоў, алімпійскі чэмпіён Парфяновіч, бізнэсовец Скрабец раптам сталі апазыцыяй. І ў пэўны момант яны прэтэндавалі нават на лідэрскую, аб'яднаўчую ролю ў апазыцыі. У іх гэта тады ня надта атрымалася. Невядома і як гэта будзе цяпер, усё ж наагул невядома, ці апазыцыя туды патрапіць. Ян Максімюк, а які Ваш адказ на гэтае пытаньне – што б азначала зьяўленьне апазыцыянэраў у палаце прадстаўнікоў?"

Максімюк: "Тут трэба разьмежаваць рэакцыю беларускага грамадзтва і рэакцыю Захаду. Я мяркую, што калі б 3-4 асобы з апазыцыі патрапілі ў парлямэнт, іх асабісты палітычны статус зьмяніўся б, але магчымасьці камунікаваць з электаратам - наўрад ці.

Пачынаючы з 1996 г., апазыцыя ў Беларусі змагаецца не за права ўдзелу ў органах улады, а за больш-менш дэмакратычныя правілы гульні ў гэтым змаганьні. Таму я не лічу, што магчымыя ў прынцыпе 3-4 апазыцыянэры ў парлямэнце – “з гасударавай ласкі” – могуць хоць як-колечы зьмяніць палітычнае надвор’е ў Беларусі. Палітычны статус у гэтых апазыцыянэраў будзе іншы, але магчымасьці размовы з электаратам – такія сямыя, як і цяпер. Ня варта спадзявацца, што Лукашэнка, вобразна кажучы, увядзе Лябедзьку у парлямэнт, уключыць „трэці мікрафон” і будзе трансьляваць Лябедзькавы выступы на ўсю краіну. Палітычны дыскурс у краіне далей будзе заставацца здамінаваны адным чалавекам.
Я думаю. што грамадзкі рэзананс ад такой апазыцыі ў парлямэнце можа быць нулявы.

Іншая справа - Захад. Калі Захад убачыць, што ў парлямэнце ёсьць нейкая жывая апазыцыя, то тут можа дайсьці да голасу Realpolitik"

Дракахруст: "Я б крыху дапоўніў Яна. Ёсьць яшчэ адзін адрасат камунікацыі – гэта ўладная эліта. З вуліцы ці з партыйных офісаў весьці дыялёг з урадоўцамі, супрацоўнікамі адміністрацыі неяк нязручна. А дэпутат парлямэнту – гэта абсалютна нармальны партнэр па камунікацыі. Калі ўжо казаць пра далёкія і цьмяныя пэрспэктывы, то варта прыгадаць, што ўсе "каляровыя" рэвалюцыі былі фактычна не народнымі паўстаньнямі, а змовамі ўнутры эліты. І такая "сьцежка" да ўладнай эліты краіны – гэта можа быць вельмі важным момантам. Зразумела, можа быць, бо гэта пары – тут можна выйграць, а можна і прайграць".

Лукашук: "Адзін з конаў гэтага пары – гэта тактыка байкоту. Ці магчымая яна, ці прынясе яна вынікі, хто ў ёй будзе ўдзельнічаць? Гэтыя пытаньні мы сёньня ў нашай першай перадачы "Тыдзень з Радыё Свабода" ... абмяркоўваць ня будзем. Але мы абавязкова зьвернемся да іх у нашых наступных перадачах".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG