Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навінкі-2008


У пятніцу ў Палацы мастацтваў у Менску дзесяты раз запар пачнецца штогадовы міжнародны фэстываль пэрформансу "NAVINKI- 2008".

Апроч дэманстрацыі падрыхтаваных мастакамі нумароў “Навінкі-2008” прэзэнтуюць адкрытыя майстар-клясы. Назва фэстывалю мае на ўвазе паралель з псыхіятрычным дыспансэрам у аднайменным раёне сталіцы. Але не таму, што займаюцца ім вар’яты, а таму, што пэрформэры дэманструюць нестандартны погляд на звычайныя рэчы. Чым розьніцца мастацтва пэрформансу ад іншых, распавядае заснавальнік фэстывалю Віктар Пятроў:
“У першую чаргу розьніцца сваёй адкрытасьцю. Таму што ніводны від мастацтва не мае гэткі “адкрыты эквівалент”, калі сувязь паміж мастаком і гледачом адбываецца вельмі непасрэдна. Існуе інтэрактыўная сувязь паміж гледачом і мастаком і дзякуючы гэтай адкрытасьці пэрформанс набывае ўсё большую папулярнасьць ва ўсім сьвеце. На жаль, вельмі рэдка глядач можа сустрэцца з мастаком”...
Цікавасьць пэрформансу яшчэ і ў тым, што не дае мастаку магчымасьці выпраўляць памылкі.
“Калі мастак-жывапісец можа сабе дазволіць зрабіць перапынак, пакінуць працу на нейкі час, потым паглядзець на яе сьвежым вокам, нешта перарабіць, то пэрформанс не дазваляе гэтага. Тут творца працуе ў пэўны час і ў часе – і як ён зробіць, гэтак і будзе – нічога перарабіць нельга. Гэта мастацтва нялёгкае.

Пэрформанс прапануе пэўныя рэфлексіі і глядач, рэагуючы, становіцца саўдзельнікам, і гэты працэс становіцца ўжо не такі лёгкі, не такі прадказальны”...
На думку сталага ўдзельніку “Навінак” Юрася Барысевіча, мастака і тэарэтыка мастацтва, беларускі пэрформанс – на высокім узроўні:
“На дадзены момант яно ў нас разьвіта значна лепей, чым ва Ўкраіне і нават чым у Расеі. У Расеі ўздым моцны пэрформансу быў у першай палове 90-х. Але потым на гэтых людзей былі заведзены крымінальныя справы, бо расейскі пэрформанс быў надта палітызаваны”...
За 10 год жыцьця фэстывалю больш за 200 пэрформэраў узялі ў ім удзел і паказалі больш за 300 пэрформансаў. Сёлета ў “Навінках-2008” плянуецца ўдзел 18 замежных мастакоў і 14-беларускіх. Адкрыцьцё – а 13-й гадзіне ў Палацы мастацтваў. 30 і 31 жніўня фэстываль працягнецца там жа, а 1 верасьня – на возеры Вяча пад Менскам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG