Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: лічыльнікі вады ставяць прымусова


У Гомелі дзяржаўнае прадпрыемства “Гомельводаканал”, якое забясьпечвае горад пітной вадой, прымусова ставіць лічыльнікі ў дамах гараджанаў.

Выглядае гэта так: спэцыяльная брыгада “Гомельводаканалу” прыяжджае на вуліцу й пачынае павальны абыход дамоў.

Распавядае спадарыня Ніна з вуліцы Ракасоўскага:

“Стукалі ў вокны й рабілі, лаяліся разам зь імі. Не папярэджвалі, калі канкрэтна будуць езьдзіць. Хто дома, хто на працы - хто дзе. Вы ж скажыце, людзей папярэдзьце. Наогул да людзей цяпер ставяцца нядобра. І ня толькі “Водаканал”.

Маладая дзяўчына з суседняга прыватнага дома паведаміла, як ставілі вадамер у іхнай сям’i:

“Яны прыйшлі, пазванілі ў дзьверы, сказалі: “Мы – з “Водаканалу”. Выйшаў загад усім ставіць лічыльнікі. Калі вы ня згодныя, перакрыем ваду”. Я кажу: “Калі трэба, стаўце, але ж я - не гаспадыня. Бацькоў дома няма”. Яны: “Вы ж ведаеце, што трэба, што гэта - загад”. Словам, зайшлі, разабралі ўсё й паставілі”.

Дзяўчыне патлумачылі, што бацькі цягам бліжэйшых трох дзён мусяць прыехаць у “Гомельводаканал” і заплаціць за лічыльнік адразу ўсё суму альбо ў растэрміноўку на тры месяцы. Колькі канкрэтна, яна ня ведае.

Спадарыня Валянціна таксама зьвяртае ўвагу на прымусовыя дзеяньні водаправодчыкаў:

“Прымушаюць: стаўце - і ўсё тут. Каб лічыльнік абавязкова быў, інакш будзем плаціць усё больш. А зь лічыльнікам нібыта ня будзе каштаваць даражэй”.

Як мяркуе гараджанка, “Водаканал” перакананы, што безь лічыльнікаў прыватнікі шмат вады выкарыстоўваюць на паліў агародаў, а плацяць за гэта мала:

“У летні час мы плацім пяць тысяч восемсот рублёў, жывучы ўдваіх, ня маючы дома ні ванны - нічога. Пасуду памыў - і ўсё. Яны лічаць, што летам ў прыватным дамах мы ўсе агароды паліваем”.

Пра гэта кажа й адказны інжынэр у эксплюатацыі вадамерных прыбораў прадпрыемства “Гомельводаканал” Іван Хаміцэвіч:

“У рэспубліцы ўстаноўлены афіцыйна час паліву агародаў - з 15 траўня па 31 ліпеня. У тых, у каго няма вадамераў, налічваем плату паводле нарматыву - пяць літраў на квадратны мэтар штодзённа. У жніўні ў нас няма права налічваць плату за паліў. Сьпякота стаяла - яны ліюць. Ім нявыгадна ставіць лічыльнікі. Тое самае да 15 траўня. Гомель - паўднёвая зона. Градкі тут у красавіку саджаюць і паліваюць - і ніхто ня плаціць.
“Водаканал” мае права, пісьмова папярэдзіўшы абанэнта, патрабаваць устаноўкі вадамера. Калі гаспадар адмаўляецца, “Водаканал” мае права адключыць ваду”.

Інжынэр пры гэтым спасылаецца на правілы карыстаньня вадаводамі, зацьверджанымі загадам міністра ЖКГ. Загад зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Беларусі. Да таго ж нібыта ёсьць распараджэньне кіраўніка дзяржавы - да канца 2008 году абсталяваць усе прыватныя дамы прыладамі ўліку вады.

Гомельскі юрыст Леанід Судаленка лічыць, што ў “Водаканалу” няма законных падставаў прымушаць гараджан ставіць лічыльнікі:

“Сёньня камунальныя службы ня маюць законных падставаў прымусіць таго ці іншага грамадзяніна паставіць лічыльнік вады. Калі ў Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ёсьць нейкі загад, дык няхай яны ставяць людзям лічыльнікі вады бясплатна”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG