Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія дэпутаты прызналі Абхазію і Паўднёвую Асэтыю


Рада Фэдэрацыі і Дзяржаўная дума аднагалосна прагаласавалі за тое, каб прызнаць незалежнасьць дзьвюх аўтаномных рэспублік, якія дэ-юрэ лічацца часткай Грузіі.

Спраўдзіліся прадказаньні ўсіх тых аналітыкаў, якія сьцьвярджалі, што прызнаньне Захадам незалежнасьці Косава разьвяжа Маскве рукі адносна гэтак званых „замарожаных канфліктаў” на былой савецкай тэрыторыі. Але ніхто, відаць, не спадзяваўся, што гэта можа стацца так хутка.


Да гэтай пары Расея падтрымлівала Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, дэ факта даўно ўжо незалежныя ад Грузіі фінансава і палітычна. А сёньня Масква зрабіла першы крок, каб прызнаць сувэрэннасьць гэтых рэгіёнаў.

Спікэр Рады фэдэрацыі Сяргей Міронаў сказаў перад галасаваньнем:


„У народаў Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ёсьць усе правы для дасягненьня незалежнасьці. Адной з галоўных прававых падставаў прызнаньня незалежнасьці зьяўляецца асноватворны прынцып — права народаў на самаазначэньне”.


Гадзінай пазьней падобнае галасаваньне, пры адзінадушнай падтрымцы дэпутатаў, прайшло і ў Дзяржаўнай Думе.


Дума прыняла таксама рэзалюцыю, якая заклікае парлямэнты ва ўсім сьвеце прызнаць незалежнасьць гэтых сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі. Дакумэнт сьцьвярджае, што Абхазія і Паўднёвая Асэтыя заслугоўваюць міжнароднага прызнаньня ня ў меншай ступені, чым Косава.


Прэцэдэнт Косава быў сёньня згаданы ў Радзе фэдэрацыі і паўднёваасэтынскім лідэрам Эдуардам Какойты:


„Мы маем больш палітычна-прававых падставаў для прызнаньня незалежнасьці, чым Косава. Калі я гавару „мы” — я маю на думцы і Паўднёвую Асэтыю, і Абхазію”.


Рэзалюцыі, прынятыя сёньня расейскім парлямэнтам, ня маюць сілы законаў. Але нават калі яны і застануцца ўсяго рэзалюцыямі, і Дзьмітры Мядзьведзеў іх не падпіша, яны і так даюць Крамлю істотную перавагу ў дыпляматычных таргах з Тбілісі наконт будучыні гэтых рэгіёнаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG