Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Статкевіч: “Ператрусы — гэта псыхалягічны ціск”


Супрацоўнікі міліцыі цягам апошніх дзён правялі некалькі ператрусаў на кватэрах актывістаў дэмакратычнага руху.

Большасьць ператрусаў прыпала на долю актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Палітыкі лічаць, што ўлады такім чынам спрабуюць стварыць псыхалягічны дыскамфорт сваякам актывістаў.

Некалькі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” разам са сваімі бацькамі вымушаныя былі адчыняць дзьверы супрацоўнікам міліцыі для ператрусу. Часам міліцыянты прыходзілі толькі да бацькоў маладафронтаўцаў і загадвалі пусьціць іх у кватэру для ператрусу.

Падставы пры гэтым называліся розныя. Калі выбівалі дзьверы ў штаб-кватэры “Маладога фронту”, казалі, што маюць зьвесткі, нібыта ў пакоі знаходзіцца труп забітага чалавека. Самая распаўсюджаная вэрсія — гэта спасылка на суседзяў, якія нібыта патэлефанавалі і сказалі, што з кватэры ідзе вельмі моцны пах фарбы ці вельмі гучна ўключаны тэлевізар.

Да бацькоў маладафронтаўца Вадзіма Бароўскага ў Дзятлаве міліцыянты прыйшлі, каб знайсьці ўлёткі з заклікам байкатаваць выбары. Аргумэнт, што сам Вадзім жыве ў Лідзе, міліцыянты парыравалі тым, што ў горадзе зьявіліся ўлёткі, а маладафронтавец прыяжджае да бацькоў на выходныя.

Гаворыць намесьніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка:

“Малады фронт” як быў у полі зроку спэцслужбаў, так і застаўся на гэтым месцы. За апошнія суткі зноў адбыўся шэраг ператрусаў, зноў сканфіскаваныя матэрыялы. Сапраўды, нашы дзеяньні нейкім чынам перашкаджаюць сучасным уладам. Гэта сьведчыць пра тое, што маладафонтаўцы добра працуюць, што яны не прыпыняюцца ў сваім змаганьні”.

Маці кіраўніка магілёўскага абласнога аргкамітэту дзеля стварэньня сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Аляксандра Ірха некалькі гадзінаў тлумачыла міліцыянтам, што яе сына няма дома і яны ня маюць права ламаць дзьверы і праводзіць ператрус безь яго.

Аляксандар вылучаўся на кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Сябры ініцыятыўнай групы ўвесь час адчувалі на сабе ціск з боку ўладаў. У якасьці кандыдата Аляксандар не зарэгістраваўся, але пра гэта стала вядома толькі празь некалькі гадзін пасьля таго, як да яго прыходзілі міліцыянты рабіць ператрус.

Мікола Статкевіч
лічыць, што мэтай ператрусу ёсьць псыхалягічны ціск на апазыцыянэраў.

“Па сутнасьці, усе гэтыя ўварваньні ў кватэры маюць на мэце напалохаць людзей, зьняважыць іх, прымусіць спыніць грамадзкую дзейнасьць. Ну, напрыклад, гэты выпадак з Аляксандрам Ірхо, калі хацелі зламаць дзьверы, апытвалі суседзяў, шукалі панятых і г.д. Маці Аляксандра мне распавядала пра гэта. Яе больш за ўсё ўзрушыла тое, як яна казала, што цяпер усе суседзі будуць думаць, што мы злачынцы, што суседка, якую апытвалі, яна ж усім раскажа...

Людзі ў невялікіх гарадах вельмі хваравіта да гэтага ставяцца. І тыя, хто арганізуе такія кампаніі, выдатна гэта разумеюць”.

Пасьля таго як у штаб-кватэру маладафронтаўцаў уварваліся супрацоўнікі міліцыі і КДБ, яны забралі з сабой каля 20 пакункаў літаратуры, налепак, агітацыйных улётак, носьбіты інфармацыі і кампутары. Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча і Паўла Кур’яновіча пасадзілі адбываць арышт. Маёмасьць маладафронтаўцам дагэтуль не вярнулі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG