Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расея зь Беларусі будзе пагражаць нашым суседзям”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 20 жніўня, сераду.


У Сочы адбылася сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Дзьмітрыя Мядзьведзева. Гаворка вялася галоўным чынам пра аб’яднаньне сыстэмаў супрацьпаветранай абароны, а таксама пра кошт газу для Беларусі на наступны год. Камэнтары слухачоў:

Спадар Ільля Копыл, Менск: “Я катэгарычна супраць таго, каб ствараць сумесна з Расеяй супрацьпаветраныя войскі і разьмяшчаць іх на тэрыторыі Беларусі. Расея з нашай тэрыторыі будзе пагражаць нашым добрым, міралюбівым суседзям, якія асабіста нам, нашай краіне не пагражаюць. Расея і пракрамлёўская ўлада Беларусі робяць нас сваімі закладнікамі”.

Спадар, Барысаў: “ Няхай лепей яна спусьціць зь сябе вялікаімпэрскі дух і ў сябе пасьля эры бальшавізму зоймецца гадоўляй ды будоўляй першай гарадзкой дэмакратыі ды эўрапейскай цывілізацыі. І дапаможа ў гэтым пляне нам, беларусам”.

Спадар Станіслаў, Івацэвічы: “Галоўнакамандуючы беларускай дзяржавы на ўвесь сьвет кляўся легчы пад танк варожы, каб не дапусьціць ворага на зямлю Вялікай Русі. А як надышоў той час, ён павёў сябе, як страўс”.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін правёў першую прэсавую канфэрэнцыю пасьля вызваленьня з турмы. Слухачы “Свабоды” працягваюць выказвацца на тэму вызваленьня палітвязьня:

Спадарыня Галіна, Магілёў: “Віншую беларускую апазыцыю зь перамогай. Аляксандар Казулін вольны. Дзякую і нізка кланяюся Эўрапейскаму Зьвязу, ЗША за вялізную падтрымку беларускай апазыцыі ў барацьбе за вызваленьне Аляксандра Казуліна”.

Спадарыня Марыя Іванаўна, в. Квасоўка: “Усю Гродзеншчыну ўскалыхнула вестка: “Казуліна выпусьцілі”. Аляксандра Ўладзіслававіча выпусьцілі! Але хто адкажа за гэтыя зьдзекі з мужнага сына беларускага народу?”

Спадар: “Вы пускаеце ў эфір толькі сваіх штатных слухачоў, якія ліюць бруд на кіраўніцтва краіны. Але я ўсё роўна скажу. Вось Казулін патрабуе 2 мільёны эўра ад нашага кіраўніцтва. А я лічу, што яму трэба прад’явіць пазоў да Мілінкевіча, зь якім ён арганізаваў гэтую “бузу”. Пакуль Казулін сядзеў, Мілінкевіч за мяжой атрымліваў ордэны, мэдалі, вялікія грошы”.

Выказваньне камэнтуе палітоляг Алесь Лагвінец:

“Гаворка вядзецца пра тое, хто і за што саджаў у турму Аляксандра Казуліна. Уся сусьветная супольнасьць і беларуская дэмакратычная грамадзкасьць прызнавалі яго вязьнем сумленьня. І чалавек, які пацярпеў ад такога несправядлівага рашэньня, мае права спаганяць страты зь беларускай дзяржавы”.

Наступныя тэлефанаваньні — на тэму выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў.

Спадар Віктар Буто: “Падобна да таго, што большасьць кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту паказваюць, што яны не гатовыя выконваць свае прамыя службовыя абавязкі перад выбаршчыкамі ці грамадзянамі, якія пражываюць у іх выбарчай акрузе і ў Беларусі. Яны спадзяюцца, што “вэртыкальшчыкі” прызначаць іх дэпутатамі ці выбаршчыкі выпадкова за іх прагаласуюць”.

Спадар: “Што тычыцца выбараў… Аляксандар Рыгоравіч сябе ўгаворвае, што выбары павінны быць дэмакратычнымі, адкрытымі, сумленнымі. Ды толькі ці будуць?”

Спадар Уладзімер, Мазыр: “Не ўключылі ўсіх “сьвядомых” у выбарчыя камісіі, дык усіх з вуліцы і ня ўключаць. Назіральнікаў прыедзе больш, чым выбарцаў, пры гэтым з гатовымі высновамі, што ўсё недэмакратычна”.

Выказваньне камэнтуе грамадзкі рэдактар гэтага тыдня, адзін з кандыдатаў на ўдзел у выбарах Яраслаў Берніковіч:

“Назіральнікаў сапраўды будзе шмат. Але там будуць таксама і назіральнікі з Расеі, іншых пасьлясавецкіх краін”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG