Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларусаў праблема з псыхалягічнай падрыхтоўкай?


Усё меней часу і магчымасьцяў застаецца ў алімпійскай зборнай Беларусі, каб палепшыць свае паказьнікі ў агульным мэдалёвым заліку. Ці засталіся яшчэ рэзэрвы?

Цяпер з адным залатым, трыма срэбнымі і сямю бронзавымі ўзнагародамі беларусы – у канцы трэцяга дзясятку прызэраў Алімпіяды, але перад ад’ездам у Пэкін мэта беларускім алімпійцам была акрэсьленая іншая задача: трапіць у лік дваццаці мацнейшых. Выканаць такую задачу з адным золатам у актыве амаль немагчыма. Ці засталіся яшчэ рэзэрвы?
Вялікай раскіданасьці ў прагнозах ужо няма паводле аб’ектыўных прычынаў – да канца Алімпіяды ўсяго пяць дзён, а здольных узбагаціць беларускую скарбонку яшчэ меней.
Асноўныя мэдалёвыя спадзяваньні ўжо страчаныя ці спраўдзіліся толькі напалову. Гэта перадусім тычыцца завочна выпісанага золата вясьлярцы Кацярыне Карстэн, кідальніку молата Івану Ціхану, вэлагоншчыцы Натальлі Цылінскай, штангісту Андрэю Рыбакову, некаторым баксёрам, стралкам і прадстаўнікам барацьбы. У бальшыні выпадкаў атрыманыя мэдалі аказаліся больш сьціплай вартасьці, а ў выпадку з той жа Цылінскай ці баксёрамі спадзяваньні ня спраўдзіліся ўвогуле.
Чаму спартоўцы, падрыхтоўка якіх не выклікае нараканьняў у Беларусі, нярэдка тушуюцца падчас самых адказных стартаў? Былы міністар спорту і турызму Юрый Сівакоў, які чатыры гады таму ў рангу невыязнога выпраўляў беларускую каманду на Алімпійскія гульні ў Афіны, лічыць: справа ня столькі ў фізычных кандыцыях, колькі ў псыхалягічнай падрыхтоўцы. Таму і праз чарговы алімпійскі цыкл Беларусь сутыкнулася са старой хваробай – няздольнасьцю змагацца з нэрвамі:
“Усё шмат у чым залежыць ня толькі ад фізычнай, але і ад псыхалягічнай падрыхтоўкі. Гэтага нам не хапіла ў мінулую Алімпіяду, але асабліва цяпер у Пэкіне. І менавіта вось гэты складнік – псыхалягічная падрыхтоўка, яна ў нас праблемай была, ёсьць, і калі мы яе ня вырашым, то будзе і надалей”.
Дык ці справяцца з нэрвамі атлеты, для якіх Алімпійскія гульні ў Пэкіне яшчэ толькі пачынаюцца? У фінальную стадыю з добрымі вынікамі прайшлі адразу тры беларускі экіпажы канаістаў і байдарачнікаў. Менавіта на іх робяць стаўкі як на патэнцыйных атрымальнікаў прынамсі аднаго мэдаля. Таксама нейкую ўзнагароду могуць здабыць кідальніцы молата – праўда, хутчэй пры ўмове, што здадуць нэрвы ў канкурэнтак.
Псыхалягічная падрыхтоўка ў нас праблемай была, ёсьць, і калі мы яе ня вырашым, то будзе і надалей
Па сукупных заслугах ускладаюць спадзяваньні на аднаго з самых вядомых у сьвеце спэцыялістаў у настольным тэнісе Ўладзімера Самсонава. Аднак той факт, што рана ці позна яму трапіць у супэрнікі хтосьці з кітайцаў, аптымізм разьвейвае. Тэарэтычна ў падзел высокіх месцаў могуць умяшацца прадстаўніцы мастацкай гімнастыкі. Але з улікам суб’ектыўнасьці ў ацэнках выступаў “мастачак” штосьці прагназаваць складана. І нейкія шанцы застаюцца ў беларускіх лёгкаатлетак, якія бліжэй да канца тыдня выйдуць на эстафэтныя дыстанцыі.
Між тым, як кажа колішні кіраўнік спартовага ведамства Юрый Сівакоў, з улікам “азіяцкай” спэцыфікі сёлетняй Алімпіяды выступ каманды Беларусі нават зь цяперашнім вынікам можна лічыць досыць удалым:
“Найперш, умовы, у якіх яны там знаходзяцца, у тым ліку і адміністрацыя каманды, ніяк нельга параўнаць з афінскімі. Там вельмі складаныя ўмовы, і тое, што яны робяць, што ў іх сёньня атрымліваецца і што ў пэрспэктыве яшчэ можа быць, дык гэта вартае ўсялякай павагі. У гэтых умовах і кіраўніцтва міністэрства, і каманда, і спартоўцы робяць усё, што магчыма. Нават сёньняшні вынік заслугоўвае стаўленьня да яго з павагай. Але я думаю, што гэта яшчэ ня вечар, таму што ў тым жа веславаньні на байдарках і каноэ яшчэ можа высокі вынік быць. То бок, вялікіх нараканьняў выказваць на адрас кагосьці, я лічу, абсалютна няправамоцна”.
Нагадаю, што пакуль адзіным залатым мэдалістам у Пэкіне застаецца 20-гадовы штангіст Андрэй Арамнаў, які, апроч таго, усталяваў у сваёй дысцыпліне тры сусьветныя рэкорды.
На мінулай Алімпіядзе ў Афінах былі дзьве залатыя ўзнагароды: адна на рахунку спрынтэркі Юліі Несьцярэнкі, другая ў актыве дзюдаіста Ігара Макарава. Сёлета Несьцярэнка ня трапіла ў фінал сваёй кароннай дыстанцыі на 100 мэтраў, а Макараў увогуле ня здолеў клясыфікавацца на Алімпіяду і назірае за спаборніцтвамі па тэлевізары.
Адносным суцяшэньнем для аматараў спорту можа быць тое, што па агульнай колькасьці заваяваных узнагародаў Беларусь па-ранейшаму трымаецца ў ліку пятнаццаці першых. Але, як казаў у дзень адкрыцьця алімпійскіх спаборніцтваў у інтэрвію Радыё Свабода легендарны трэнэр Рэнальд Кныш, на Алімпіядзе мае сэнс толькі залаты мэдаль. Бо ўсе астатнія – гэта ў любым выпадку пройгрыш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG