Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэалягічны турызм на Аўгустоўскім канале


Гарадзенскі БРСМ пачаў на Аўгустоўскім канале мерапрыемства “Моладзь за саюзную дзяржаву”, запрасіўшы равесьнікаў з Масквы. Працягнецца зьлёт цэлы тыдзень.

Беларуская частка Аўгустоўскага каналу працягнулася ад польскай мяжы да Нёману, яе даўжыня 22 кілямэтры. Мінула два гады пасьля рэканструкцыі воднай артэрыі. Улады прызнаюць, што за гэты час там нічога не пабудавалі — ні гатэляў, ні рэстарацый, адпачынак не наладжаны, і аб’ект па сутнасьці не выкарыстоўваецца. І вось БРСМ вырашыў правесьці, як зазначана, “міжнародны зьлёт маладзёвых арганізацый”.
Я вырашыў пацікавіцца: чым жа ўдзельнікі будуць займацца цэлы тыдзень? Набраўшы нумар, я пачуў у слухаўцы прыемны дзявочы голас, які вымавіў прызабытае сёньня слова “Абкам”. Аднак высьветліць у абкаме БРСМ — якая заплянавана праграма на Аўгустоўскім канале, не атрымалася. Мне адказалі:
Дзяўчына: “Цяпер няма нікога, хто б мог пракамэнтаваць, на сайце ўсе падрабязнасьці”.
І сказалі — “да пабачэньня”. З інтэрнэту мне ўдалося даведацца, што “праграма вельмі насычана”, будзе “ўскладаньне кветак да помнікаў, наведваньне памежнай заставы”. А таксама, напрыклад, правядуць “дзень дружбы Беларусі і Расеі” і “дзень патрыёта”.
А што думае пра мерапрыемства БРСМ іншая моладзь? Гаворыць актывіст незарэгістраванага Руху “За свабоду” Павал Мажэйка:
“На мой погляд, гэта праява абмежаванасьці беларускай улады, бо нічога новага, акрамя пераняцьця старой савецкай традыцыі — сабрацца на мяжы і махаць кулаком НАТА, выкарыстоўваючы моладзь, нічога не прыдумалі. На мой погляд, значна прасьцей, лепей і пэрспэктыўней было б сабраць на той жа самай мяжы беларускую, польскую, літоўскую моладзь і зрабіць, напрыклад, летнік за свабоду і дэмакратычную Беларусь у Эўропе. І гэта было б значна лепей”.
Я пацікавіўся таксама меркаваньнем мінакоў: што яны думаюць пра тыднёвы зьлёт, наладжаны БРСМ?
Малады спадар: “Я думаю, што абсалютна нічога гэта не палепшыць, гэта паказуха проста: сабрацца там і павесяліцца, які сэнс? Калі яны хочуць прыцягнуць увагу моладзі да гэтай праблемы, то нейк можна было б рабіць іншым спосабам. Ня ведаю, я лічу, што гэта асабліва ня мае сэнсу, проста яшчэ чарговую галачку БРСМ-у паставіць за тое, што нешта зрабілі, вось і ўсё”.
Іншы малады спадар: “Я лічу, што там на канале будзе паказуха, лепш бы яны дапамаглі Чырвонаму Крыжу, які пачаў у Горадні акцыю дапамогі дзецям Асэтыі. Лепей бы яны пачалі зьбіраць нейкія грошы, школьныя прылады, і бы быў нейкі сэнс, калі яны хочуць паказаць, што яны працуючая арганізацыя. А тое, што яны там робяць – усё паказуха, яны прыдумляюць занятак самі сабе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG