Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – апошні дзень для таго, хто хоча быць дэпутатам


Сёньня завяршаецца чарговы этап выбарчай кампаніі: 18 жніўня – апошні дзень, калі патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты яшчэ маюць права здаць дакумэнты на рэгістрацыю. Патрэбна напісаць адпаведную заяву і прыкласьці да яе як найменей тысячу подпісаў выбарцаў у сваю падтрымку.

Ад 19-га жніўня пачынаецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты. Ці можна сёньня казаць, колькі патэнцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат скарыстаюцца сваім правам?

Зарэгістраваных ініцыятыўных групаў усяго 423. Але ня ўсе патэнцыйныя кандыдаты, якія маюць зарэгістраваныя групы, будуць падаваць дакумэнты. Хтосьці, як, прыкладам, Сяргей Скрабец, ужо абвясьціў, што ён здымаецца з выбарчай гонкі. Ён сутыкнуўся зь вялікім ціскам з боку ўладаў і заклікаў іншых прэтэндэнтаў таксама зьняцца. Хтосьці не сабраў неабходнага мінімуму галасоў.

Але будзе і прыбаўка. Некалькі сяброў палітычных партыяў, якія не зьбіралі подпісы, вылучыліся праз партыйныя зьезды. Прыкладам, генэрал Фралоў у акрузе, якая ахоплівае Стоўбцы ды Ўзду. Але найбольшы плюс будзе за кошт вылучэнцаў ад працоўных калектываў. Гэта значыць дададуцца праўладныя кандыдаты.
І калі зьвярнуцца да аналягічных выбараў чатыры гады таму, дык тады было зарэгістравана 555 ініцыятыўных групаў. А кандыдатаў на рэгістрацыю аказалася амаль на паўтары сотні больш – 692.

Пасьля фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў зноў востра паўстала пытаньне аб зьняцьці апазыцыі з выбарчай гонкі. Дэмакратычныя сілы фактычна адхіленыя ад падліку галасоў: сярод 70 тысячаў чальцоў участковых камісіяў прадстаўнікі дэмсілаў складаюць усяго некалькі дзесяткаў чалавек.

Сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька спрабуе выходзіць на непасрэдныя кантакты з рэгіянальным кіраўніцтвам. Паводле Лябедзькі, ягоныя размовы з кіраўніком вэртыкалі ў Ашмянах Юр’ем Адамчыкам і намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску Мікалаем Бурым былі цікавымі і карыснымі:

“У іх ёсьць цікавасьць да размовы. Гэта – без сумневу. Тое, што “вэртыкальшчык” з Ашмян калі-некалі заглядае на наш партыйны сайт, сьведчыць пра тое, што кругагляд гэтага чалавека даволі шырокі. Ён можа весьці дыскусію. Канечне, з пункту гледжаньня сёньняшняй улады. Але ён мне спадабаўся тым, што можа дыскутаваць.

Тэмы былі самыя разнастайныя. Ня толькі выбарчая кампанія, дзе я папрасіў, каб яны былі максымальна блізкія да законаў і не гублялі чалавечы твар, што вельмі важна і істотна. А потым мы размаўлялі і пра мяжу. І пра праблему інвэстыцыяў. І пра беспрацоўе. І пра іншае. Размаўлялі цэлую гадзіну”.

А вось уражаньні ад гутаркі прадстаўніка вэртыкалі Мікалая Бурага:

“Зь Лябедзькам можна нармальна размаўляць. Мы абмеркавалі розныя тэмы, у тым ліку і зьвязаныя з выбарамі. Калі чалавек з табою нармальна размаўляе, дык і ты ж зь ім будзеш таксама размаўляць нармальна.
Ня бачу праблемаў у зносінах. Даведацца пра думку іншага чалавека заўсёды ж цікава. А што ў гэтым такога? Ён выказаў сваё меркаваньне. А мне гэта цікава”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG