Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка кажа, што фармаваньне камісіяў шмат дзе адклалі на апошні, сёньняшні дзень:
“Пакуль што навіны такія — там-сям уключаюць па адным чалавеку на ўсю выбарчую акругу. Дый то не паўсюдна. Агульных дадзеных не даюць. Кажуць, што ўсё будзе надрукавана. А надрукавана гэта можа быць аж празь сем дзён пасьля прыняцьця рашэньня”.
Спадар Карняенка параўноўвае працэс фармаваньня акруговых і ўчастковых выбарчых камісіяў:
“Сытуацыя ў фармаваньні ўчастковых камісіяў значна горшая, чым пры фармаваньні акруговых. Карціна такая вельмі дзіўная. Апазыцыя вылучае па адным чалавеку. А камісія можа складацца аж з 19 чалавек. І калі не ўключаюць прадстаўнікоў палітычных партыяў...
Я чуў, напрыклад, такі аргумэнт: камісія — гэта, маўляў, амаль працоўны калектыў. І калі там нехта будзе звонку, гэта будзе пэўны дыскамфорт. Утвараюць нейкі міжсабойчык”.
Карэспандэнты “Свабоды” з рэгіёнаў паведамляюць, што здараюцца толькі, так бы мовіць, кропкавыя ўключэньні прадстаўнікоў апазыцыі ў склад участковых камісіяў. Гэта значыць — па адным чалавеку, дый то вельмі ў нямногіх камісіях.
Сытуацыю сёньня тэрмінова абмеркавалі на паседжаньні прэзыдыюму Палітрады АДС. Гаворыць сустаршыня Палітрады Анатоль Лябедзька:
“Вось гэта ўжо лякмусавая папера таго, што ў нас адбываецца: выбары ці выбарчая кампанія? Ці дэпутатаў абіраюць альбо прызначаюць? Ці наш парлямэнт стане аддзелам адміністрацыі Лукашэнкі? Сёньня напрыканцы гэтага сказу ўжо можна ставіць кропку.
Сёньня мы канчаткова вызначыліся з датай правядзеньня пашыранага паседжаньня Палітрады АДС. Яно адбудзецца 30 жніўня. Там усё будзе вызначацца”.