Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Красуцкі абяцае ў Менску “Маленькі Парыж”


44 са 110 дзейных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў зьбіраюцца балятавацца і ў новы склад Нацыянальнага сходу.

Яны вылучаюцца праз працоўныя калектывы і збор подпісаў, а таксама ад палітычных партыяў. У кожнай выбарчай акрузе ім будуць супрацьстаяць прадстаўнікі апазыцыі.
Дэпутат Генадзь Давыдзька альбо Аляксандар Дабравольскі? Дэпутат Сяргей Касьцян альбо Мікалай Гаўрыленка? Дэпутат Віктар Кучынскі альбо Аляксандар Мех?
Абсалютная бальшыня такіх пар сустракаецца ўпершыню. Але ёсьць і выключэньні. Прыкладам, дзейны дэпутат Анатоль Красуцкі і прадстаўніца аб’яднаных дэмсілаў Людміла Гразнова, пры ўмове, што іх зарэгіструюць кандыдатамі, будуць спрачацца ў другі раз. Яны зноў зьбіраюць галасы ў Партызанскай — 110-й выбарчай акрузе Менску.
Спадар Красуцкі тлумачыць “Свабодзе” сваё жаданьне захаваць дэпутацкі мандат неабходнасьцю выканаць абяцаньні, якія ён даваў выбарцам раней:
“У мяне ёсьць свае абавязкі перад людзьмі на тэрыторыі выбарчай акругі. Хаця гэта і ня ўзровень парлямэнтара, але ж праблемы застаюцца. Яны былі раней заяўленыя, але дагэтуль ня вырашаныя зь незалежных ад мяне прычынаў. Прыкладам, будаўніцтва міні-рынку па вуліцы Будзённага. Альбо праграма поўнай рэканструкцыі пасёлку Трактарны. Яе прынялі яшчэ 8 гадоў таму. Ёсьць ідэя ператварыць гэта месца ў “маленькі Парыж”. Гэта ўнікальны кавалачак сталіцы. Ён будзе адным з самых прыгожых куткоў Менску”.
Спадарыня Гразнова такіх задачаў перад сабою ня ставіць, бо лічыць, што гэта найперш справа дэпутатаў гарадзкога і раённага роўняў:
“Я бяру на сябе больш значныя задачы. Гэта — вырашэньне нейкай другой матрыцы пры жыльлёвым пытаньні. Гэта цяпер пытаньне нумар 1, бо многія людзі па-ранейшаму лепяцца як пчолкі ў сваіх хрушчоўках. Знайсьці 200 мільёнаў для будаўніцтва — абсалютна нерэальная справа. І тут трэба ўсё вырашаць на дзяржаўным роўні.
Другая мая мэта — малы бізнэс. Тое, што зрабілі з гэтым улады на пачатку году, вельмі дрэнна. Раней дробныя бізнэсоўцы і самі карміліся, і падаткі плацілі. І трэцяе — гэта льготы. Красуцкі прагаласаваў за іх скасаваньне. Гэта — учынак не дэпутата, а ўчынак чыноўніка”.
Ініцыятыўныя групы Людмілы Гразновай і Анатоля Красуцкага ўжо сабралі неабходныя для рэгістрацыі тысячу подпісаў выбарцаў у сваю падтрымку. А ўсяго пераадолелі гэтую норму 137 з 423 ініцыятыўных групаў, якія вядуць збор подпісаў выбарцаў за вылучэньне кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG