Побач з хатай старэйшай сястры пісьменьніцы сабраліся вясковыя жанчыны, зь якімі Данута Бічэль вырасла, хадзіла ў школу. З Горадні прыехалі сябры розных грамадзкіх арганізацый, журналісты.
Атмасфэра ў двары панавала незвычайная: вясковыя сяброўкі пісьменьніцы цытавалі яе вершы, сьпявалі песьні, а сама Данута Бічэль шмат распавядала пра сваё жыцьцё ў Бікупцах, пра людзей, зь якімі яе зьвёў лёс.
Прадстаўляючы кнігу, яна зазначыла, што гэта яшчэ не разьвітаньне, не запавет, але падвядзеньне вынікаў.
Данута Бічэль: “Так атрымалася, што я паехала зь Біскупцаў, бо мне тут асабліва не было чаго рабіць, я нічога ня ўмела рабіць, я нават ня ўмела даіць карову, адным словам, была няўдалая гаспадыня. Але была мая сястра Рэня — вельмі ўдалая гаспадыня. А я зьехала вучыцца спачатку ў Ліду, а потым не хацела працаваць настаўніцай малодшых клясаў і паехала вучыцца ў Гарадзенскі пэдінстытут”.
Кніга “Хадзі на мой голас” складаецца з трох частак. У першай частцы пісьменьніца піша пра свае Біскупцы, пра дзяцінства й маладосьць, пра вучобу ў Лідзкім пэдвучылішчы і Гарадзенскім пэдінстытуце.
Тутака ж сабраныя эсэ пра Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Ларысу Геніюш, пра тое, як аўтарка працавала ў музэі Максіма Багдановіча ў Горадні.
У другой частцы — эсэ пра Янку Купалу, Уладзіміра Караткевіча, Янку Брыля, Чэслава Мілаша, Элізу Ажэшку, Натальлю Арсеньневу.
А трэцяя частка прысьвечана гарадзенцам. Тут эсэ і інтэрвію з мастакамі і скульптарамі, зь якімі Данута Бічэль сябруе: са скульптарамі Алесям Ліпенем і Казімірам Місюрам, мастакамі Ўладзімірам Кіслым, Алесем Сільвановічам, Сяргеем Грыневічам і іншымі.
Кніга “Хадзі на мой голас” — другі том “Гарадзенскай бібліятэкі”. Выдалі яе пад патранатам Аляксандра Мілінкевіча сябры руху “За свабоду” сумесна з гарадзкім урадам Уроцлава.
На прэзэнтацыі прысутнічаў адзін з актывістаў руху “За свабоду” Павал Мажэйка. Вось што ён сказаў нашаму радыё.
Мажэйка: “Бліжэйшыя год-два ў сэрыі “Гарадзенскай бібліятэкі” плянуецца выданьне каля 10 кніжак, якія будуць прысьвечаны Гарадзеншчыне альбо людзям, якія стваралі імя нашай зямлі. Сёньня мы правялі першую прэзэнтацыю на радзіме пісьменьніцы й плянуем рабіць такія імпрэзы і ў далейшым”.
Усе, хто быў сёньня ў Біскупцах, атрымалі ў падарунак кнігу з подпісам аўтаркі.