Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Міжнародная амністыя” заступілася за Зэльцэра


У Менскім гарадзкім судзе за зачыненымі дзьвярыма пасьля перапынку аднавілася слуханьне справы амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра і ягонай сакратаркі Ўладлены Функ, якая мае расейскае грамадзянства.

Іх затрымалі ў менскім аэрапорце 12 сакавіка і абвінавацілі ў выкарыстаньні фальшывых дакумэнтаў, кантрабандзе наркотыкаў і камэрцыйным шпіянажы. Суд пачаўся 30 ліпеня.

Праваабарончая арганізацыі “Міжнародная амністыя” сёньня заклікала дасылаць лісты ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, генэральную пракуратуру і КДБ, а таксама міністру ўнутраных спраў Беларусі, каб Эмануілу Зэльцэру аказалі мэдычную дапамогу і далі магчымасьць рэгулярна сустракацца з амэрыканскім консулам.

Нагадаем: Эмануіла Зэльцэра і ягоную сакратарку Ўладлену Функ затрымалі 12 сакавіка, калі яны прыляцелі зь Лёндану. Іх трымаюць у сьледчым ізалятары КДБ. Напрыканцы сакавіка Эмануіл Зэльцэр меў адно спатканьне з прадстаўніком амбасады. 14 красавіка Дзярждэпартамэнт ЗША зрабіў заяву, у якой заклікаў улады Беларусі выконваць свае міжнародныя абавязаньні і дазволіць затрыманаму грамадзяніну ЗША рэгулярна сустракацца з прадстаўніком амбасады ЗША ў Менску.

Эмануіла Зэльцэра трымалі ў псыхіятрычным шпіталі, дзе яго абсьледавалі экспэрты. Тым часам ягоны ўрач выказваў занепакоенасьць станам здароўя амэрыканскага грамадзяніна.

Адвакат Эмануіла Зэльцэра даў падпіску не разгалошваць матэрыялаў крымінальнай справы. Суд адбываецца за зачыненымі дзьвярыма, і акрамя ўдзельнікаў працэсу туды нікога не пускаюць.

Назіральнікі выказвалі розныя вэрсіі наконт арышту амэрыканскага адваката, які лічыцца спэцыялістам у справах супрацьстаяньня адмываньню грошай. У справе фігуруюць, сярод іншых, імёны Барыса Беразоўскага і нябожчыка Бадры Патаркацышвілі.

Мікола Статкевіч, які мае ўласны досьвед сутыкненьня зь беларускай судовай сыстэмай, лічыць, што ў справе Зэльцэра прысутнічае замова:

“Беларуская судовая сыстэма ў сілу сваёй ангажаванасьці, залежнасьці ад улады і непразрыстасьці, як высьветлілася, можа выкарыстоўвацца ў фінансавых “разборках” міжнародных фінансавых “варацілаў”.

Магчыма, хутка будзе абвешчаны тарыф, за колькі могуць некага абвясьціць у вышук беларускія ўлады, колькі будзе каштаваць арышт і прысуд. Я думаю, што справа Зэльцэра падпадае пад гэтыя крытэры”.

Адвакат Зьміцер Гарачка не бярэцца назваць канкрэтную дату, калі можа быць агучаны прысуд у справе амэрыканца і расіянкі. Назіральнікі чакаюць, што судовае рашэньне можа быць прынятае напрыканцы тыдня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG