Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі працуюць перасоўныя пункты збору подпісаў <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Прадстаўнікі АДС лічаць, што пры абмежаваньні інфармацыйных крыніц не выкарыстоўваць такі спосаб звароту да выбарцаў было б няправільным.

Ініцыятыўная група кіраўніка абласной арганізацыі АГП Васіля Палякова сёньня пяты дзень ладзіла перасоўныя пункты збору подпісаў у Гомельскай Савецкай выбарчай акрузе №34.

Пункт збору подпісаў ля Давыдаўскага рынку ў Гомелі
Адзін з пунктаў разьмясьціўся блізу Давыдаўскага рынку. Пад палатняным грыбком стаіць столік з рэклямнымі матэрыяламі пра Васіля Палякова, побач – невялікія стэнды зь ягонымі партрэтамі й сымбалем АДС – выявай чырвонага клёна, крона якога нагадвае карту Беларусі.

Ля пункта й спыняюцца гараджане, што йдуць альбо вяртаюцца з Давыдаўскага рынку:

“Я ведаю Палякова. Васіль Паўлавіч у нас у ліцэі працаваў, яго дзеці вельмі любілі. Выдатны чалавек! Я ня проста так падышла й падпісалася – я яго ведаю. Да нас дадому нейкая група прыходзіла. Але я не падпісвалася, бо іх ня ведаю. А цяпер во іду, гляджу – фатаграфія Палякова, і я падпісалася. Я – толькі за яго”, – кажа адна з гараджанак.

Зьбіраюць подпісы за Палякова сябры па партыі – Аляксандар Процка й Натальля Шчукіна.

“Мы працуем ужо пяты дзень. Збор подпісаў ідзе нядрэнна. Сёньня за гадзіну працы сабралі паўтара дзясятка подпісаў.

Міліцыя да нас не падыходзіла. Аднак дырэкцыя “Давыдаўскага рынку” правярала некалькі разоў. У прыватнасьці, намесьнік дырэктара рынку сказаў, што трэба праверыць вашыя дакумэнты й дакласьці ў адміністрацыю Савецкага раёну”, – распавяла спадарыня Шчукіна.

Іншых перашкодаў зборшчыкам подпісаў ніхто не чыніў.

Прэтэндэнт на дэпутацкі мандат ад АДС Васіль Палякоў лічыць, што з гледзішча колькасьці подпісаў перасоўныя пункты менш эфэктыўныя за пакватэрны абход. Аднак не выкарыстоўваць іх было б няправільным:

“Гэта неабходна для таго, каб людзі ведалі, якія ініцыятыўныя групы працуюць. Калі ініцыятыўныя групы ходзяць толькі па кватэрах, выбарцы не заўсёды запамінаюць кандыдатаў. А тут ёсьць магчымасьць паразмаўляць зь людзьмі на вуліцы. Ёсьць больш часу, каб давесьці да выбарцаў пазыцыю таго ці іншага кандыдата. Не выкарыстоўваць такой магчымасьці падчас збору подпісаў было б няправільна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG