Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы прадстаўнік ААН у Беларусі – Антоніюс Брук


Сёньня ён уручыў даверчыя лісты прэм’ер-міністру Беларусі Сяргею Сідорскаму і правёў першую прэс-канфэрэнцыю на новай пасадзе.

На сваёй інаўгурацыі — менавіта так назваў сустрэчу з журналістамі Антоніюс Брук — ён адзначыў, што задача прыцягненьня рэсурсаў у Беларусь няпростая:

“Узровень разьвіцьця Беларусі, калі вымяраць яго паводле крытэраў ААН — валавога ўнутранага прадукту, узроўню адукацыі, меркаванай працягласьці жыцьця — даволі высокі. Краінам-донарам і ААН усё цяжэй накіроўваць рэсурсы ў тым жа аб'ёме ў Беларусь, бо ёсьць значна бяднейшыя краіны. Але патэнцыял ёсьць, і ААН будзе працягваць тут працаваць. Да таго ж і Беларусь можа прапаноўваць свае веды, досьвед, а магчыма, і рэсурсы, дзяліцца імі зь іншымі краінамі”.

У 2007 годзе падтрымка Беларусі з боку ААН склала 20 мільёнаў даляраў. Зараз працуе Краінная праграма ПРААН для Рэспублікі Беларусь на 2006—2010 гады. У межах гэтай праграмы пасьпяхова рэалізуюцца 29 праектаў на суму больш за 70 мільёнаў даляраў. Праекты тэхнічнай дапамогі рэалізуюцца ў пяці прыярытэтных галінах. Гэта спрыяньне эканамічнаму росту і павышэньню ўзроўню жыцьця; эфэктыўнае дзяржаўнае кіраваньне; экалёгія, аднаўленьне і ўстойлівае разьвіцьцё тэрыторый, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС; пашырэньне трансмежнага супрацоўніцтва. Паводле прагнозаў спадара Брука,

“Агульная грантавая падтрымка Беларусі праз сыстэму ААН, мы спадзяемся, дасягне да 2010 году 80—85 мільёнаў даляраў”.

Спадар Брук падкрэсьліў, што ААН не зьбіраецца пакідаць Беларусь альбо скарачаць дапамогу. Ужо сёлета пачне абмяркоўвацца рамачная праграма на 2011—2015 гады. Будуць працягвацца праекты ў галіне аховы здароўя па барацьбе са СНІДам і сухотамі і па іх прадухіленьні. У галіне аховы навакольнага асяродзьдзя будуць працянутыя праекты па энэргаэфэктыўнасьці і выкарыстаньні аднаўляных крыніцаў энэргіі. Працягнецца праца па ўдасканаленьні працэсаў міграцыі і барацьбе з гандлем людзьмі. І, натуральна, праца ў рэгіёнах, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, прычым праца на ўзроўні сельсаветаў, асобных вёсак па разьвіцьці бізнэсу на пацярпелых тэрыторыях. Спадар Брук нагадаў, што зараз ідзе абвешчанае ААН дзесяцігодзьдзе тэрыторый, якія пацярпелі ад Чарнобылю.

Антоніюс Брук — грамадзянін Нідэрляндаў. Скончыў сельскагаспадарчы ўнівэрсытэт Вагенінгена (Нідэрлянды). Мае ступень магістра прыродазнаўчых навук. У сыстэме ААН з 1984 году. Працаваў памочнікам экспэрта ФАО (Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН) у Пакістане. У 1986—1992 гг. займаў розныя пасады ва Ўпраўленьні ААН па абслугоўваньні праектаў. Быў памочнікам Прадстаўніка Праграмы развіцьця ААН (ПРААН) у Кітаі, першым намесьнікам Прадстаўніка ПРААН у Этыёпіі, у 2004—2008 гадах ачольваў прадстаўніцтва ПРААН у Бурундзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG