Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад рыхтуецца да продажу прадпрыемстваў


Тацяна Старчанка
Тацяна Старчанка

Беларусь гатовая да актывізацыі прыватызацыйных працэсаў, пацьвердзіла намесьніца міністра эканомікі.

Па прыватызацыі і акцыянаваньні прадпрыемстваў рашэньні будуць прымацца ў кожным канкрэтным выпадку асобна, сьпіс стратэгічна значных для дзяржавы прадпрыемстваў будзе ўдакладняцца, — заявіла сёньня намесьніца міністра эканомікі Тацяна Старчанка.

На мінулым тыдні беларускі ўрад агучыў плян прыватызацыі на 2008—2010 гады, згодна зь якім мае быць прыватызавана 519 дзяржаўных прадпрыемстваў. Беларусь гатовая да актывізацыі прыватызацыйных працэсаў, пацьвердзіла намесьніца міністра эканомікі Тацяна Старчанка.

“Вы ж разумееце, сьпіс — гэта намер ураду прыступіць да акцыянаваньня гэтых прадпрыемстваў. Гэта пачатак працы. Гэта якраз сьведчыць, што краіна гатовая да актывізацыі гэтых працэсаў. А зараз будзе весьціся праца па ацэнцы гэтых прадпрыемстваў. Гэты ж сьпіс разьлічаны на тры гады. Гэтыя працэдуры носяць доўгатэрміновы характар. У кожнага прадпрыемства будзе свой рытм працы”.

Намесьніца міністра эканомікі Тацяна Старчанка запэўніла, што па кожным прадпрыемстве рашэньне будзе прымацца індывідуальна:
Рэцэпт адзін для ўсіх прапанаваць нельга. Па кожным будзе індывідуальнае рашэньне.


“Кожнае прадпрыемства мае свой рэйтынг і свой кошт. І, напэўна, будуць прымацца рашэньні ў кожным канкрэтным выпадку, што тычыцца пакету акцый: кантрольны, не кантрольны, у залежнасьці ад прапановаў інвэстараў. Рэцэпт адзін для ўсіх прапанаваць нельга. Па кожным будзе індывідуальнае рашэньне, канечне”.

Зараз Міністэрства эканомікі разам з Дзяржкаммаёмасьцю маюць намер удакладніць сьпіс стратэгічна значных прадпрыемстваў, якія ня могуць быць цалкам прададзеныя інвэстарам.

У сацыяльна-эканамічным разьвіцьці краіны захавалася станоўчая дынаміка вытворчай і інвэстыцыйнай дзейнасьці ў ключавых галінах эканомікі. Так ахарактарызавала сытуацыю намесьніца міністра эканомікі Тацяна Старчанка, падводзячы вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця за першае паўгодзьдзе:

“Асноўныя вынікі працы эканомікі сьведчаць пра станоўчую дынаміку. Заплянаваныя парамэтры і прагнозы на 2008 год у асноўным выконваюцца. Тэмпы росту валавога ўнутранага прадукту — 110,4%. Забясьпечаны такі дынамізм у асноўным прамысловасьцю — аб’ём прамысловай вытворчасьці павялічыўся на 13%”.

Агульную карціну псуюць хіба што адмоўнае сальда зьнешняга гандлю — 841 мільён даляраў, і інфляцыя, якую ўтаймаваць ня ўдасца:

“У межах 10% сёньня ўжо відавочна, што ня ўдасца ўтрымацца. Калі мы ў другім паўгодзьдзі выйдзем на ўзровень першага паўгодзьдзя, я лічу, што гэта будзе добры вынік”.

Добрым вынікам намесьніца міністра эканомікі Тацяна Старчанка лічыць 14%. Яна нагадала, што інфляцыя за першае паўгодзьдзе склала 7,3%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG