Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жодзіне шукаюць гандляра мясам сабакі


Як сьведчаць праваахоўныя органы, невядомы мужчына прапаноўвае мінакам мяса сабакі пад выглядам ялавічыны, па 5-6 тысяч рублёў за кіляграм.

Чалавек называе сябе супрацоўнікам мясакамбінату. Ён тлумачыць, што мае магчымасьць купляць танныя мясныя прадукты, якія яму не патрэбныя, у той час як моцна патрэбныя яму грошы.

Падман выкрылі самі пакупнікі. Некаторыя аднесьлі купленае ў лябараторыю на экспэртызу. Там высьветлілася, што замест ялавічыны яны набылі мяса сабакі.

Паводле праваахоўных органаў, мужчыну на выгляд 40 гадоў, ён дзейнічае вельмі асьцярожна і таму затрымаць яго пакуль што не ўдалося.

Пра гэта паведамляе інтэрнэт-партал TUT.by.

Як сьведчаць мэдыкі-эпідэміёлягі, ужываньне мяса сабакі можа прывесьці да шэрагу небясьпечных хваробаў, у прыватнасьці да шаленства і трыхінэлёзу. Апошні зьяўляецца цяжкім паразытарным захворваньнем.

Факт такога падману ў Беларусі зафіксаваны ўпершыню. Дагэтуль нелегальнае выкарыстаньне мяса бяздомных сабак у ежу неаднойчы выкрывалі ў суседняй Расеі, у сетцы мясцовых кітайскіх рэстарацыяў. Праваахоўныя органы тлумачаць гэтак званую “моду” на гэты крымінальны бізнэс ростам цэнаў на мясныя прадукты.

Тым часам у Кітаі мясцовыя ўлады на час правядзеньня Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў забаранілі тамтэйшым гатэлям і рэстарацыям гатаваць стравы з сабачага мяса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG