Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёлік Ушкін глядзіць на сьвет “Левым вокам”


У выдавецтве “Нашай Нівы” выйшла кніга Лёліка Ушкіна “Левым вокам”. Лёлік Ушкін — адзін зь піянэраў беларускага анархісцкага руху, сузаснавальнік сатырычнага выданьня “Навінкі”, якое было зачынена ўладай.


Кнігу склалі фэльетоны, гумарэскі, карыкатуры, якія цягам некалькіх гадоў друкаваліся ў “Нашай Ніве”. Назоў кнігі — “Левым вокам”, на вокладцы — правае вока аўтара. У гэтым увесь Лёлік Ушкін (сапраўднае прозьвішча — Алег Новікаў), зь якім мы сустрэліся перад самай прэзэнтацыяй.
Цікавы жанр, які дазваляе паказваць абсурднасьць працэсаў, супярэчнасьць нейкіх заяў палітычных

Карэспандэнтка: “Лёлік, жывых фэльетаністаў я нават і прыгадаць не магу…Чаму менавіта такі рэдкі жанр?”

“Ну, ёсьць яшчэ Якубовіч. А ўвогуле, гэта дастаткова цікавы жанр, які дазваляе паказваць абсурднасьць пэўных працэсаў, супярэчнасьць нейкіх заяў палітычных. Аднак, з другога боку, фэльетон лепш дэманструе прыроду гэтых зьяў, чым звычайныя, патасныя, вельмі моцна ангажаваныя ў палітыку нейкія сталыя палітычныя дактрыны.

Як літаратурна-мастацкія жанры фэльетоны, гумарэскі — яны дастаткова прымітыўныя. У дзьве з паловай тысячы знакаў ты павінен умясьціць нейкую фабулу, думку, завяршыць эфэктна… Абавязкова, каб там было 5—6 добрых жартаў па ходу тэмы”.

Карэспандэнтка: “Вашы фэльетоны даволі надзённыя і вострыя. Ці не было ў вас праблем з уладай?”

“Яшчэ будуць… Але я не хацеў бы мець такія праблемы, у гэтым пляне я стараюся асьцярожна пісаць пра некаторыя рэчы. “Навінкі”, якія былі папярэднікамі, больш радыкальна да ўсяго падыходзілі. Таму даводзіцца быць асьцярожным.

Калі мы ўзгадаем Віктара Шэндэровіча ў Расеі, то гэта тыповы лёс фэльетаніста ў часы нейкіх палітычных катаклізмаў. Я нават ня ведаю ў ніводнай краіне, акрамя Вялікай Брытаніі, дзе гумар — гэта частка агульнанацыянальнай культуры, ніводнага сатырыка, фэльетаніста, у якога не было б палітычных пытаньняў. У Польшчы гэта Ежы Урбан зь ягоным праектам “Nie”, у былой Чэхаславаччыне гэта Гашак, які меў праблемы з паліцыяй з-за сваіх анархічных перакананьняў.
Фэльетаніст ня мае быць патасным, ён мае толькі высьмейваць

Гэта, хутчэй за ўсё, частка гэтага жанру: фэльетон — заўсёды балянсаваньне на мяжы таго, што жарт будзе трактаваны як пэрсанальная абраза. Як пісаў Гогаль, сатырык — гэта, з аднаго боку, вельмі шчасьлівы чалавек, а зь іншага — вельмі няшчасны, таму што ён піша пра самыя нэгатыўныя бакі рэчаіснасьці, людзей, асобаў. І калі ён гэта асьвятляе, асобы могуць успрымаць гэта абсалютна неадэкватна, ня так, як ён хацеў бы перадаць”.

Карэспандэнтка: “Ці прысутнічае ў вас унутраны цэнзар?”

“Так, канечне. Фэльетаніст, па-першае, ня мае быць патасным, ён мае толькі высьмейваць, а пазытыўную праграму, альтэрнатыўна-канструктыўную мае дадумваць чытач. Аднак я не хацеў бы, каб гэтыя фэльетоны ўспрымаліся як маніфэсты палітычныя.

Адносна ўлады… Зразумела, што палітычная культура беларускай улады вельмі прымітыўная, як паказалі шматлікія судовыя працэсы за абразу асобы. Гэта ўсё настолькі суб’ектыўна, упісана ў нейкую палітычную кан’юнктуру. Таму, безумоўна, трэба быць у нейкіх момантах вельмі асьцярожным”.

Карэспандэнтка: “Можаш вызначыць самыя дарагія для цябе творы, зьмешчаныя ў новай кнізе?”

“Цяжка сказаць. “Апазыцыя ў вялікім горадзе” мне падабаецца, “Парады для лорда Бэла”, “Як інтэгравацца з Вэнэсуэлай”…Там дастаткова нядрэнныя творы”.

Карэспандэнтка: “Ад сьціпласьці ты не памрэш… Дзякуй — і натхненьня на новыя кнігі!”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG